×

Дзень сонца і ўсмешак

25.03.2020 16:29,

21 сакавіка значыцца ў календары падзей як Міжнародны дзень чалавека з сіндромам Дауна. У гэты дзень, пачынаючы з 2006 года, па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі «Даун-сіндром» і Сусветнай асацыяцыі «Даун-сіндром» плануюцца разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да такіх людзей.

Напярэдадні Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Дауна ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. п. Зэльва штогод праводзіцца Тыдзень чалавека з сіндромам Дауна. У рамках тэматычнага тыдня арганізуюцца разнастайныя мерапрыемствы інфармацыйнага і рэабілітацыйнага характару. Гэта і інфармаванне на старонках сайта пра асаблівасці дзяцей і спосабы ўзаемадзеяння з імі, гэта і арганізацыя сумеснай фотасесіі бацькоў і дзетак, афармленне інфармацыйнага вугалка для бацькоў, які змяшчае карысныя матэрыялы па выхаванні дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Традыцыйна завяршаюць тыдзень «сонечныя» сустрэчы для выхаванцаў цэнтра і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Не стаў выключэннем і гэты год. Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы цэнтра падрыхтавалі канцэртна-забаўляльную праграму. На гэты раз дзеці і маладыя людзі з сіндромам Дауна, а таксама іх равеснікі былі запрошаны на мерапрыемства пад назвай «Дзень сонца і ўсмешак». Удзельнікі праяўлялі актыўнасць у конкурсах і гульнях, з задавальненнем падтрымлівалі салістаў-выканаўцаў музычных нумароў. Усе прысутныя атрымалі магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял, прадэманстраваць фізічныя магчымасці, уменне ўзаемадзейнічаць нягледзячы ні на якія перашкоды.

Мерапрыемствы такога характару ў чарговы раз пераконваюць усіх нас, што дзеці з сіндром Дауна, як і ўсе мы, перажываюць розныя эмоцыі, любяць танцаваць і спяваць, умеюць наладжваць кантакт. Ім, як і ўсім, неабходна, каб іх любілі, паважалі і прымалі такімі, якія яны ёсць.

Ганна ЛАМЕКА,
педагог сацыяльны цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. п. Зэльва.