×

Дзень здароўя

10.02.2020 16:34,

Кожную другую суботу месяца вучні Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна збіраюцца разам для таго, каб умацаваць сваё здароўе і заняцца спортам. Гэта магчымасць не толькі адпачыць з карысцю для здароўя, але і атрымаць яркія ўражанні.

8 лютага 2020 года школа быццам ажыла, ніхто не застаўся ўбаку: навучэнцы, настаўнікі, бацькі. Дзень здароўя пачаўся з урачыстага адкрыцця свята. Затым вучні ўдзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах і гульнях: “Самы хуткі”, “Два капітаны”, “Міні-футбол”, “Вясёлыя старты”. Спаборніцтвы арганізаваны настаўнікам фізічнай культуры і здароўя В.М.Гукіш з улікам узроставых асаблівасцяў вучняў.

Дзеці праявілі спартыўныя здольнасці, кемлівасць, а самае галоўнае — уменне дружна працаваць у камандзе. Юныя спартсмены, выконваючы ўмовы конкурсаў, вельмі стараліся не падвесці сваю каманду і прыйсці да фінішу першымі. Дзень здароўя падарыў усім зарад бадзёрасці, добры настрой і пакінуў толькі добрыя ўражанні. Усе юныя спартсмены ўзнагароджаны дыпломамі.

Свята здароўя і спорту скончылася, але зусім хутка, у другую суботу сакавіка, школа зноў расчыніць свае дзверы для новых спартыўных дасягненняў. У нашых сілах выхаваць здаровае пакаленне, якім можна будзе ганарыцца.

Вікторыя ЛАЗАР,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.