×

Эфектыўнае ўзаемадзеянне

07.06.2019 14:48,

Актуальная задача ў сучаснай дашкольнай педагогіцы — пабудова канструктыўных узаемаадносін педагогаў і бацькоў.

У яслях-садзе № 10 г. Навагрудка запланавана правядзенне цыкла мерапрыемстваў, якія паспрыяюць пераадоленню цяжкасцей педагогаў у зносінах і ўзаемадзеянні з бацькамі.

Пачатак гэтай рабоце ўжо пакладзены. Першае мерапрыемства прайшло ў форме трэнінгу пад назвай “Пабудова эфектыўных зносін і ўзаемадзеяння з бацькамі”. Актуалізавалі праблемы ва ўзаемадзеянні з бацькамі пры дапамозе практыкавання “Кошык цяжкасцей”. Сумесна абмяркоўваліся пытанні “Партрэт “цяжкіх” бацькоў”, “Тры плюсы зносін”.

Цікавымі сталіся заданні “Праблемная сітуацыя”, “Чароўны капялюш”, “Аб’ява”, у працэсе выканання якіх педагогі практыкаваліся ў пабудове эфектыўных зносін з матулямі і татамі выхаванцаў.

Заданне на рэлаксацыю пад назвай “Свет у ружовых акулярах” было накіравана на атрыманне станоўчых эмоцый ад навакольнага свету, зносін, уменне знаходзіць добрае і павучальнае ў любой сітуацыі.

Вераніка БОГУШ,
педагог сацыяльны ясляў-сада № 10 Навагрудка.