×

Этнапраект на “Сонечнай планеце”

05.07.2019 15:39,

Летняя змена школьнага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонечная планета” запрасіла атрад “Нашчадкі” цікава і з карысцю распачаць “Варнянскія канікулы — 2019”. Менавіта пад такой назвай на працягу васямнаццаці дзён рэалізоўваўся этнапраект у лагеры. 

Чым жа яны адметныя, летнія канікулы па-варнянску? Перш за ўсё, сама ідэя праекта спрыяе вывучэнню таямніц роднага краю, запрашае ў незвычайнае, пазнавальнае падорожжа па нязведаных дагэтуль сцежках малой радзімы. Васілёк і Васілінка, галоўныя героі праекта, разам з “нашчадкамі” раскрывалі тайны роднай мовы, вучыліся берагчы прыроду, дапамагалі зразумець, што “дружба клопатам ды падмогай моцная”, а “навука вочы адкрывае”.

Кожны дзень меў свой дэвіз, у якасці якога выкарыстаны беларускія народныя прыказкі і прымаўкі. Ніхто з выхаванцаў не спрачаўся з тым, што “здаровым быць — шчасліва жыць”, “дзе здароўе, там і прыгажосць” і з задавальненнем купаліся ў басейне, запаміналі правілы бяспечных паводзін на вадзе, дарозе, у лесе. Ратавальнікі нагадалі дзецям аб тым, што “ўсякая дапамога добрая своечасова”.

Не пакінулі выхавальнікі без увагі і такія важныя для краіны падзеі, як ІІ Еўрапейскія гульні, 75-годдзе вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прайшлі эстафета “Лета яркіх перамог”, спартыўны марафон “Насустрач ІІ Еўрапейскім гульням”, квэст-гульня “Вялікія гонкі з Лесікам”, лёгкаатлетычны крос “Мірнае небе над намі”, інтэрактыўная гульня “Гісторыя Радзімы маёй”, акцыя “Беларусь памятае”, кіналекторый і відэаагляды.

Зрабіць лета цікавым, запамінальным, насычаным яркімі падзеямі — задачы не з лёгкіх. Але я лічу, што дзякуючы зладжанай, стараннай працы адміністрацыі школьнага лагера і выхавальнікаў летняя змена прайшла на “ўра”. А самы лепшы доказ гэтага — вясёлыя і шчаслівыя выхаванцы, якія вельмі не хацелі, каб лагер заканчваўся!

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
намеснік дырэктара лагера Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.