×

Фестываль зімовых свят

15.03.2019 17:00,

У рамках Года малой радзімы ў нашай школе традыцыйна праходзіць фестываль народных свят. Інтэлект і талент дзяцей найярчэй раскрываюцца на базе спадчыннага. Далучэнне да багаццяў нацыянальнай культуры вучыць быць добрымі, чулымі, працавітымі.

Масленічны тыдзень завяршае зімовыя святкаванні, таму менавіта ў гэты тыдзень мы падвялі вынікі нашай работы ў выхаванні вучняў сродкамі этнапедагогікі.

Ладзеніцкі дзіцячы сад — базавая школа шчыра расчыніў дзверы і чарговы раз запрасіў аднавяскоўцаў, бацькоў, дзяцей на фестываль зімовых свят. Вучні ўсёй школы старанна рыхтавалі свае выступленні. Фестываль крочыў па кожным зімовым месяцы і вёў аповед пра народныя святы, якія блізкія нашым мясцовым жыхарам. Асабліва цікавым было прадстаўленне вучняў дзявятага класа, якія расказалі, што самае галоўнае свята ў лютым — Грамніцы, або Стрэчанне. Гэта дзень сустрэчы зімы з вясною, свята свечкі і жывога агню. А жыхарка нашай мясцовасці Марыя Канстанцінаўна Буцкевіч расказала аб такім павер’і: калі ўдасца прынесці з царквы агонь грамнічнай свечкі непатухлай, то гэта пазбавіць сям’ю ад любога няшчасця.

Фестываль завяршыўся масленічнымі святкаваннямі. Вучні пятага і сёмага класа ў форме тэатралізаванага прадстаўлення з масленічнымі забавамі з блінамі расказалі пра кожны дзень масленічнага тыдня. Шчырая любоў жыхароў нашай мясцовасці да сваёй зямлі робіць іх добрымі і працавітымі. Гэту мудрасць яны перадаюць вучням. Аднавяскоўцы і бацькі былі ўдзячны за захаванне традыцый нашай мясцовасці.

Вольга ПІЛЬКО,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.