×

Гатоўнасць да супрацоўніцтва

08.10.2019 14:55,

У віртуальную школу маладога педагога прынялі 38 маладых спецыялістаў Гродзеншчыны. Дзейнічае такая школа ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі і дапамагае ў прафесійным станаўленні тых, хто толькі пачынае свой шлях у педагогіцы.

Напярэдадні Дня настаўніка ў ГрАІРА запрасілі маладых педагогаў з усіх раёнаў вобласці і Гродна. З імі правялі розныя заняткі: матывацыйныя і камунікатыўныя трэнінгі, трэнінг па павышэнні стрэсаўстойлівасці ў цэнтры пясочнай тэрапіі. Яны таксама атрымалі лагін, пароль, якія дазволяць  атрымліваць карысную інфармацыю ў віртуальнай школе маладога педагога. А потым маладых настаўнікаў запрасілі на ўрачыстасць, прысвечаную прафесійнаму святу.

— Поспех інстытута базіруецца ў тым ліку на цесным су­працоўніцтве са школамі і перадавымі педагогамі-інаватарамі, — падкрэсліла дырэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка. — Таму мы дзякуем сваім калегам і адзначаем іх у пяці намінацыях: “За шматгадовае супрацоўніцтва і партнёрства”, “За гасціннасць і пастаянную гатоўнасць да супрацоўніцтва”, “За прафесіяналізм і якасць правя­дзення заняткаў”, “За ўзаемадзеянне ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых”, “Прарыў года”.

Сярод партнёраў інстытута былі адзначаны ўпраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкама на чале з начальнікам упраўлення Святланай Баркоўскай, Смаргонскі раённы вучэбна-метадычны кабінет на чале з загадчыцай Анжалікай Чайкоўскай, Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, сярэдняя школа № 20 Гродна і яе дырэктар Наталля Сцяпанава, а таксама намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Сушко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Гродна Ганна Адамоніс, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 23 Гродна Наталля Мяшкова, настаўнік працоўнага навучання Мураванаашмянкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна Генадзь Швабовіч, бібліятэкар ліцэя № 1 Гродна Іна Балуева. У намінацыі “Прарыў года” ўзнагародзілі аддзел адукацыі Воранаў­скага райвыканкама і яго начальніка Валянціну Люленка.

Ганаровымі граматамі і падзякамі быў адзначаны і шэраг супрацоўнікаў інстытута развіцця адукацыі.

А потым на сцэну зноў запрасілі маладых настаўнікаў. Яны пачулі натхняльныя словы пажадання адбыцца ў прафесіі і застацца ў ёй на доўгія гады.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.