×

Геаграфія: веды, творчасць, развіццё

13.03.2019 15:02,

З 25 лютага да 1 сакавіка ў Вераб’евіцкім дзіцячым садзе — базавай школе праходзіў тыдзень геаграфіі. Гэта, па-першае, паказчык дасягненняў вучняў па прадмеце і прапагандзе новых геаграфічных ведаў, па-другое, прыцягненне да ўдзелу ў пазаўрочнай дзейнасці па геаграфіі новых удзельнікаў, па-трэцяе, развіццё асобасных якасцей вучняў, падтрымка і развіццё творчых талентаў, фарміраванне свядомага разумення значнасці геаграфічных ведаў не толькі ў школьным, але і ў паўсядзённым жыцці.

На працягу тыдня працавала кніжная выстаўка “Свет геаграфіі”. Кожны меў магчымасць азнаёміцца з цікавымі кнігамі і часопісамі.

Вывучаць геаграфію мы прывыклі па падручніках, атласах. Ці заўсёды пра гэты прадмет можна гаварыць толькі на ўроках геаграфіі? Геаграфія — навука ўсёпранікальная? Гэтаму быў прысвечаны другі дзень. Вучні 5—9 класаў удзельнічалі ў конкурсе эрудытаў “Геаграфія: цікава і займальна”, дзе паказалі добрыя веды, кемлівасць, дасціпнасць, эрудыцыю.

2019-ы — Год малой радзімы. Вучні 1—4 класаў удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Люблю цябе, мой родны край”.

Здзейсніць віртуальнае падарожжа па самых цікавых, прыгожых, загадкавых мясцінах планеты дапамог “Свет падарожжаў”.

У апошні дзень — прэзентацыя выхаваўчага напрамку “Цярплівасць і мэтанакіраванасць”. У каго, як не ў географаў-падарожнікаў, мы можам навучыцца цярпенню, вынослівасці, дасягненню пастаўленых мэт, бо менавіта дзякуючы ім знойдзены і асвоены новыя землі, свет мае цяперашнія абрысы. Вучні пазнаёміліся з нарвежскім даследчыкам Антарктыды Руалем Амундсенам, які ў пачатку ХХ стагоддзя разам з экспедыцыяй накіраваўся ў Антарктыду і адкрыў Паўднёвы полюс. На прыкладзе гэтага мужнага чалавека было паказана, як могуць праяўляцца такія рысы характару, як цярплівасць і мэтанакіраванасць.

Тыдзень завяршыўся паспяхова. Найлепшыя ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды.

Праведзеныя мерапрыемствы былі скіраваны не толькі на павышэнне цікавасці да геаграфіі як вучэбнага прадмета, але і да пазнання жыцця і самога сябе, да выпрацоўкі дысцыпліны і самадысцыпліны, умення працаваць у калектыве.

Марына НАГУЛЕВІЧ,
настаўніца геаграфіі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.