×

Гудзевічы — тэрыторыя здароўя

03.12.2019 11:23,

Значна змяніць падыходы да арганізацыі фізкультурнай і спартыўнай работы ў школе, прапаганды здаровага ладу жыцця, прыцягнуць да гэтай дзейнасці бацькоў навучэнцаў, знайсці сацыяльных партнёраў дапамагае рэсурсны цэнтр “Фарміраванне культуры здароўя і матывацыі для здаровага ладу жыцця ў сістэме “педагогі — навучэнцы — бацькі”, які быў створаны ў Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна вясной 2018 года.

Пра работу рэсурснага цэнтра мы гутарым з дырэктарам школы В.С.ВАЛЮШКА.

— Вольга Сяргееўна, якія задачы ставілі перад рэсурсным цэнтрам?

— Асноўнае — гэта фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, стварэнне ўмоў для актыўнага і карыснага ўзаемадзеяння школы і сям’і па пытаннях прапаганды здаровага ладу жыцця, выхаванне ў вучняў жадання і ўмення самастойна займацца фізкультурай. Для дасягнення гэтых задач у школе праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы: спартландыі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Вялікія гонкі”, спартыўная гульня “Зімовыя забавы”, турніры па тэнісе, шашках, футболе, таварыскія сустрэчы па валейболе паміж навучэнцамі і выпускнікамі школы і інш.

Гэты навучальны год мы пачалі з Тыдня здароўя і спорту, у рамках якога сярод дзяўчат 8—11 класаў прайшоў турнір па валейболе. Сярод навучэнцаў 2—4 класаў праведзена спартландыя “Прывітанне, школа!”. Навучэнцы 4—6 класаў прынялі ўдзел у футбольным турніры “Скураны мяч”.

Актыўную работу ў рэсурсным цэнтры вядуць настаўнік прадмета “Фізічная культура і здароўе” Анджэй Рышардавіч Занеўскі і педагог-арганізатар Аляксандр Ула­дзіміравіч Бандысік.

Выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій, такіх методык, як “Маё здароўе”, “Веды пра здароўе”, “Гігіенічныя навыкі”, “Каштоўнасныя арыенціры”, дапамагае навучэнцам развівацца фізічна, атрымліваць веды пра здаровы лад жыцця. Апытанне навучэнцаў паказвае іх высокі ўзровень ведаў у гэтым пытанні і жаданне прытрымлівацца прынцыпаў здаровага ладу жыцця. Такія апытанні дазваляюць прасачыць дынаміку каштоўнасных арыентацый навучэнцаў, спланаваць і распрацаваць план работы рэсурснага цэнтра.

У гэтым навучальным годзе плануем стварыць электронны рэсурс — сайт “Азбука здароўя”.

— Здаровы лад жыцця, а гэта не толькі спартыўныя і фізкультурныя заняткі, прадугледжвае прафілактычную і асветніцкую работу? Як яе арганізоўваеце?

— Каб звярнуць увагу дзяцей на захаванне і ўмацаванне здароўя, у школе праводзім свята “Каштоўнасць здароўя і цана жыцця”. У рамках факультатыву “Па прыступках правіл здаровага харчавання” праводзяцца вучэбныя заняткі па тэмах “Вітамінавы алфавіт”, “Што дапамагае нам расці?”, “Вучымся правільна харчавацца”, “Сіла агародніны і садавіны”, “Чыстая вада нам патрэбна заўсёды” і інш.

Падчас правядзення тыдняў прафілактыкі шкодных звычак сацыяльны педагог арганізоўвае лекцыі з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый “Курыць — здароўю шкодзіць”, “Мы — за здаровы лад жыцця!”, конкурсы малюнкаў “Мы — супраць наркаманіі!”, “Курыць ці не? Зрабі свой выбар!”.

— Ці знаходзіць такая актыўная работа водгук сярод дзяцей? Як яны праяўляюць актыўнасць у спорце і занятках фізічнай культурай?

— У гэтым навучальным годзе 54,2 працэнта навучэнцаў займаюцца ў спартыўных секцыях. Навучэнцы школы з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых спартыўных мерапрыемстваў, такіх як “Казачныя спаборніцтвы” (1-е месца), “Хто хутчэй?” (2-е месца), “Зімовыя віды спорту” (2-е месца), “Зімовыя забавы” (1-е месца), “Насустрач ІІ Еўрапейскім гульням — 2019” (1-е месца), “Правільнае харчаванне — залог здароўя” (3-е месца), “300 талентаў для Каралевы” (2-е месца), “Спорт, здароўе і прыга­жосць” (2-е месца), спаборніцтвы па валейболе (1-е месца), лёгка­атлетычных кіданнях (1-е месца) і інш.

Таксама навучэнцы школы з’яўляюцца ўдзельнікамі і прызёрамі абласных спартыўных спаборніцтваў “Спорт, здароўе і закон” (1-е месца), спаборніцтваў па валейболе (1-е месца), першынства Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы (1-е і 2-е месцы), спартакіяды Гродзенскай вобласці і інш. У Абласным аглядзе-конкурсе “Самая спартыўная школа” ў пятай групе наша ўстанова заняла 2-е месца.

За апошні час у раённых спаборніцтвах навучэнцы занялі 49 прызавых месцаў, у абласных — 48, рэспубліканскіх — 1. У раённай спартакіядзе “Кала­сок-2018” сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства школа заняла 2-е месца і 1-е — у раённай спартакіядзе школьнікаў 2018 года сярод сельскіх устаноў адукацыі.

— Сярод дасягненняў навучэнцаў Гудзевіцкай сярэдняй школы і выніковы ўдзел у алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

— У мінулым навучальным годзе на раённым этапе алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” заваяваны два дыпломы І ступені, тры дыпломы ІІ і два — ІІІ ступені. У абласным этапе Міхаіл Занеўскі быў адзначаны дыпломам ІІ, а Ангеліна Эйсмант — дыпломам ІІІ ступені.

— Як супрацоўнічаеце з бацькамі, мясцовымі арганізацыямі і ўстановамі?

— Бацькі заўсёды дапамага­юць у правядзенні спартыўных свят, спаборніцтваў, у заахвочванні пераможцаў, а таксама з’яўляюцца іх актыўнымі ўдзельнікамі.

У рамках дзейнасці рэсурснага цэнтра школа супрацоўнічае з усімі арганізацыямі аграгарадка Гудзевічы. На агульнашкольныя бацькоўскія сходы, прафілактычныя гутаркі з навучэнцамі запрашаецца ўчастковы ўрач Гудзевіцкай амбулаторыі В.С.Валошчык. Сумесна з Гудзевіцкім цэнтрам адпачынку і культуры арганізаваны выступленне агітбрыгады “Здаровыя дзеці”, брэйн-рынг “П’янства — трагедыя стагоддзя”, конкурсна-гульнявая праграма “Вясёлы ўрок здароўя”. У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі нашы вучні наведваюць выставы “Зімняя казка”, “Лекавыя расліны”, “Дарыце людзям прыгажосць”.

Наладзілі супрацоўніцтва з Эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, і нашы навучэнцы мелі магчымасць удзельнічаць у гульні-віктарыне “Экалагічны экспрэс”, экаквесце “У садзе ці ў агародзе?”, пазнавальна-забаўляльнай гульні “Здаровым быць лёгка”.

Нядаўна ў рамках раённага праекта “Гудзевічы — здаровы аграгарадок” у школе прайшло мерапрыемства “Каштоўнасць жыцця і цана здароўя”. На ім прысутнічалі старшыня Гудзевіцкага сельвыканкама К.В.Басінская, дырэктар Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея В.С.Палойка, загадчык Гудзевіцкай сельскай бібліятэкі В.У.Пронька. 18 вучняў школы прымалі актыўны ўдзел у стварэнні эмблемы гэтага праекта. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі музея. Госці засталіся вельмі задаволены выступленнямі вучняў, а настаўнікі школы — супрацоўніцтвам са сваімі сацыяльнымі партнёрамі.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.