×

Гульні... на ліпучках

06.07.2019 14:39,

Адным з галоўных напрамкаў работы педагога-псіхолага ў дашкольнай установе з’яўляюцца карэкцыйна-развіццёвыя заняткі па вырашэнні задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю пазнавальных здольнасцей дзяцей.

Для паспяховага авалодання школьнай праграмай у будучыні дашкольніку зусім не абавязкова ўмець чытаць і ра­шаць прыклады. Дзецям 5—6 гадоў неабходна развіваць логіку, мысленне, уяўлен­не пра навакольны свет, пра колеры, формы, умець паслядоўна выкладаць свае думкі, развіваць уседлівасць, назіральнасць.

Пасля першаснай дыягностыкі гатоўнасці да школы педагог-псіхолаг фарміруе падгрупы для развіццёвых заняткаў, якія праходзяць у форме гульні, паколькі ў дашкольным узросце яна з’яўляецца галоўным відам дзейнасці.

Галоўны інструмент — гэта яркія, маляўнічыя дапаможнікі, зробленыя сваімі рукамі, якія распрацоўваюцца па ўсіх напрамках развіцця дзіцяці: памяць, успрыманне, мысленне, творчыя здольнасці, каардынацыя рухаў, прасторавыя ўяўленні. Кампаненты кожнай гульні мацуюцца да поля на спецыяльную клейкую стужку, дзякуючы якой усе дэталі здымныя, і дзіця можа лёгка перамясціць іх у патрэбнае месца, што, акрамя ўсяго іншага, развівае дробную маторыку дашкольніка.

Такія заняткі спрыяюць развіццю дашкольнікаў па розных напрамках і засваенню зместу адпаведных ім адукацыйных галін: форма і колер прадметаў, іх памер, прасторавае размяшчэнне; падзяліць прадметы на групы, знайсці ў іх падобнае і рознае; замацаваць веды пра дзікіх і свойскіх жывёл, птушак; пакарміць вожыка; паса­дзіць свой агарод або сад; расказаць казку; пагаварыць пра віды транспарту і пра цела чалавека.

Самыя маленькія выхаванцы нашай установы адукацыі ацанілі і распрацаваныя спецыяльна для іх дапаможнікі. Дзякуючы яркім гульням на ліпучках дзеці робяць свае першыя аплікацыі, складаюць пазлы. Усе гэтыя гульні, несумненна, спрыяюць больш гарманічнаму развіццю асобы дзяцей.

Маляўнічыя, займальныя, разнастайныя гульні на ліпучках надоўга захапляюць усіх дашкольнікаў.

Ганна ПЯТКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг Гальшанскага ясляў-сада Ашмянскага раёна.