×

Хараство “сухой” навукі

15.05.2019 13:57,

Каб выхаваць кампетэнтнага выпускніка школы, неабходна стварыць умовы для аптымальнага развіцця здольнасцей, выхаваць імкненне да ўдасканалення, самаадукацыі. Выпускнік сучаснай школы павінен умець творча вырашаць жыццёвыя задачы, самастойна думаць, выпрацоўваць і адстойваць свой пункт гледжання, паважаючы пры гэтым меркаванне іншых.

Шырокія магчымасці для ўсебаковага развіцця навучэнцаў дае пазакласная работа па прадмеце. У нашай школе рэгулярна праводзяцца прадметныя тыдні — адна з форм актывізацыі пазакласнай дзейнасці. Першы дзень чарговага тыдня матэматыкі пачаўся з азнаямлення з планам правядзення тыдня і абвяшчэння конкурсу матэматычных малюнкаў. Вучні 1—11 класаў рыхтавалі малюнкі з выкарыстаннем матэматычных знакаў, лічбаў, сімвалаў. Выстаўка малюнкаў атрымалася на славу.

На працягу тыдня школьнікі ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Так, вучні 8—11 класаў складалі словы, разгадвалі матэматычныя філворды, удзельнічалі ў гульні “Гімнастыка розуму”. З задавальненнем малявалі фігуркі жывёл, транспарт на каардынатнай плоскасці (7-8 кл.), а вучні 9—11 класаў замацавалі веды па тэме “Графікі функцый”, афармляючы малюнкі з дапамогай графікаў. Яны радаваліся, калі, злучаючы элементы графікаў названых функцый, атрымаліся матылёк або парасон, акуляры. Глыбокія веды паказалі вучні 11 класа (павышаны ўзровень вывучэння матэматыкі) у гульні “Зорны час”, даследуючы функцыі пры дапамозе вытворнай. Некаторыя цяжкасці выклікала заданне звязаць пэўную прыказку з графікам дадзенай функцыі. Напрыклад, “Цішэй едзеш, далей будзеш”, “Як гукнеш, так і адгукнецца” і інш.

Сярод вучняў пачатковых класаў і 5 класа прайшла віктарына “Лічы, рашай, адгадвай”. А шасцікласнікі паглыбілі веды аб матэматыцы і матэматыках.

На лінейцы падвялі вынікі тыдня. Самых актыўных чакалі граматы і салодкія прызы.

Удзел у тыдні ўзялі не толькі захопленыя матэматыкай, але і тыя, хто пакуль не выявіў здольнасцей і схільнасцей. Вучні адчулі задавальненне, радасць пры выкананні цікавых заданняў, ад зносін адно з адным. Многія праявілі арганізатарскія здольнасці, уменне быць камунікабельнымі, кантактнымі, пральна працаваць з інфармацыяй. А настаўнікі матэматыкі атрымалі непаўторныя ўражанні ад зносін з дзецьмі. Многіх убачылі з іншага боку.

З упэўненасцю можна сказаць, што правядзенне тыдня матэматыкі дазволіла ўбачыць хараство і своеасаблівасць “сухой” навукі. Магчыма, для некаторых навучэнцаў удзел у тыдні можа стаць першым этапам паглыбленага вывучэння матэматыкі і прывесці да выбару факультатыўных заняткаў, павышанага ўзроўню вывучэння па прадмеце або прафесіі, звязанай з прадметам.

Таццяна БЯНЬКО,
настаўніца матэматыкі Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.