×

Каб не заблытацца ў сусветным павуцінні

15.03.2019 11:48,

Інтэрнэт стаў часткай нашага жыцця, а мы сталі часткай інтэрнэту. І гэта ўжо прапісная ісціна. Дзеці з маленства наладжваюць моцнае сяброўства з навамоднымі гаджэтамі. Каб такія стасункі прынеслі толькі карысць, а не шкоду, неабходна загадзя паклапаціцца дарослым.

У Навасёлкаўскай базавай школе, як і, дарэчы, у кожнай навучальнай установе, педагогі не стамляюцца гаварыць пра бяспечнае карыстанне інфармацыйнымі сродкамі. Гэтай тэме быў таксама прысвечаны  практыкум “Таямніцы сусветнага павуціння”, які праводзіўся ў межах шостага школьнага дня.

Для нагляднасці спачатку дзеці пазнаёміліся з відэаролікам, у якім мультыплікацыйныя персанажы ў даступнай форме апавядалі пра азбуку паводзін у інтэрнэце. Малюнкі, якія з’яўляліся на экране, былі знаёмыя і прыцягальныя, таму лекцыя аказалася не сумнай і надакучлівай, а змястоўнай і захапляльнай. Героі відэа патлумачылі, чаму нельга перадаваць свае асабістыя звесткі незнаёмым, сустракацца пасля анлайн-перапіскі або праходзіць па незразумелых спасылках.

Кожны ўдзельнік змог пераўвасобіцца ў магутнага ўладара Сусвету — інтэрнэту, прымераўшы сімвалічны атрыбут, і звярнуцца да прысутных з красамоўнай прамовай. Хтосьці з юных акцёраў палічыў неабходным расказаць аб гісторыі стварэння гэтага цуду, іншыя паспяшаліся засцерагчы ад таго, каб не трапіць у пастку. Асабліва стараліся ўдала сыграць ролю інтэрнэту вучні малодшых класаў: акуратна і з гонарам трымаючы на галаве капялюш-мадэм, стрымана і шчыра даносілі да гледачоў уласныя меркаванні. Роўны вучыць роўнага. Выкарыстоўвалі прыклады з асабістага жыцця і згадвалі наказы бацькоў наконт карыстання камп’ютарам: гэта і сапсаваны зрок, і патрачаны час, і дрэнныя фільмы…

Адметнасцю праграмы стала гульня-віктарына “Поле цудаў”. Усе, хто меў магчымасць пакруціць імправізаваны барабан з ваўчка, ламалі галаву над зашыфраванымі словамі. І зноў жа ў прыярытэце — бяспечны інтэрнэт. Чорная скрынка з прызам, дзве шкатулкі за тры правільна адгаданыя літары, званок сябру, балы, банкрот, падарункі — усё па-сапраўднаму. Гульцы захапіліся так, што прасілі арганізаваць дадатковыя туры. У выніку і словы карысныя разгадалі, і прыемныя эмоцыі атрымалі.

Пасля праведзенага мерапрыемства, канечне, мы не можам гарантаваць таго, што з гэтага часу ўсе ўдзельнікі ніколі не наробяць памылак у віртуальнай прасторы. Але ж вада камень точыць. Будзем спадзявацца, што вучні атрымалі пэўную прышчэпку абароненасці і, заблытаўшыся аднойчы ў сусветнай павуціне, змогуць знайсці правільнае выйсце.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай  мовы і літаратуры Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна, класны кіраўнік 7 класа.
Фота аўтара.