×

Калі ажываюць лялькі

04.01.2020 14:43,

Трэцяга студзеня 2020 года ў дзіцячым прышкольным лагеры “Рэспубліка Спадчына” адбылося незвычайная дзея. Дзяцей наведаў незвычайны тэатр, для якога не патрэбныя велізарныя залы, вялікія сцэны, масавая трупа. Усё, што спатрэбіцца, — пара акцёраў, некалькі лялек, скрыня з двума ўзроўнямі. А выступаць можна на кірмашы, на парозе хаты ці пасярод вуліцы.

Без народнага тэатра — батлейкі — яшчэ некалькі стагоддзяў назад было цяжка ўявіць якое-небудзь свята. Пра даўнюю традыцыю добра памятаюць у сярэдняй школе № 8 Гродна.

У цэнтры залы — батлейка. Гучыць музыка, з’яўляюцца лялькі, спектакль пачынаецца... Пастаноўку “Цар Ірад” паказалі дзеці, якія наведваюць гурток па інтарэсах “ФЭСТ”.

Усе гледачы, затаіўшы дыханне, назіралі, як ажываюць лялькі, зробленыя ўмелымі рукамі ўдзельнікаў гуртка. З пастаноўкі дзеці даведаліся пра гісторыю з’яўлення Ісуса, убачылі жорсткасць цара, які загадаў забіць усіх немаўлят, а потым за свае дзеі трапіў у пекла.

Аднак прадстаўленне складалася не толькі з тэатральнай пастаноўкі. Гледачы прынялі ўдзел у каляднай варажбе, конкурсе на самага кемлівага, пачулі калядныя песні. Як і прынята ў гэтыя чароўныя дні, у паветры лунаў дух радасці.

Святлана БУЙНІЦКАЯ,
 настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Гродна.