×

Кампетэнтнасны падыход: настаўнік — настаўніку

28.11.2019 12:03,

Чым выклікана з’яўленне кампетэнтнаснага падыходу? Якія перавагі ён дае для педагогаў і вучняў? Што неабходна змяніць настаўнікам у сваёй дзейнасці? Як павінен быць арганізаваны адукацыйны працэс? Гэта далёка не поўны спіс пытанняў, на якія імкнуліся знайсці адказы настаўнікі школы ў ходзе сумеснага пасяджэння метадычных фарміраванняў “Школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства” і “Школа маладога настаўніка”.

Формай арганізацыі метадычнай работы быў выбраны вучэбны трэнінг-семінар для адпрацоўкі практычных навыкаў па рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыйным працэсе з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню і абмену вопытам удзельнікаў семінара.

Семінар пачаўся з невялікай віктарыны, у склад якой уваходзіла 10 пытанняў з розных вучэбных прадметаў. Віктарына была нечаканай для ўдзельнікаў семінара, выклікала пэўныя цяжкасці, але яна спрыяла актывізацыі мысліцельнай дзейнасці настаўнікаў і стварыла працоўны настрой. Настаўнікі зразумелі, што гэта не перашкаджае ім як настаўнікам сваіх вучэбных прадметаў працаваць і быць добрымі спецыялістамі. Адказы на розныя пытанні можна знайсці ў розных крыніцах інфармацыі, важна ўмець карыстацца імі самім і навучыць вучняў. Такім чынам, не толькі веды з’яўляюцца сёння галоўным паказчыкам якасці адукацыі, але і ўменне знаходзіць неабходную інфармацыю самастойна і прымяняць атрыманыя веды на практыцы ў розных жыццёвых сітуацыях, умець вучыцца.

Паколькі базавымі катэгорыямі кампетэнтнаснага падыходу з’яўляюцца паняцці “кампетэнцыя” і “кампетэнтнасць”, значная ўвага была ўдзелена менавіта гэтым паняццям. У невялікіх групах вопытных і маладых педагогаў прайшло абмеркаванне, выказванні былі розныя, але ўсе ўдзельнікі прыйшлі да адзінай высновы: з пазіцый кампетэнтнаснага падыходу важным вынікам адукацыйнай дзейнасці з’яўляецца сфарміраванасць у вучняў ключавых кампетэнцый.

Затым адбылася змена складу груп: групе маладых спецыялістаў прапанавана было суаднесці віды ключавых кампетэнцый з іх тлумачэннем, а групе вопытных настаўнікаў — падрыхта­ваць формы, прыёмы работы і віды заданняў для фарміравання адпаведных ключавых кампетэнцый, а затым прайшло сумеснае абмеркаванне вынікаў работы груп.

Вядома, што не толькі маладыя, але і вопытныя педагогі адчуваюць пэўныя цяжкасці пры пераходзе ад традыцыйнага да кампетэнтнаснага падыходу арганізацыі адукацыйнага працэсу, таму важным было звярнуцца да пытання  “Дык у чым заключаюцца адрозненні традыцыйнага і кампетэнтнаснага падыходаў?”. Новаўтвораным групам былі прапанаваны табліцы для іх параўнання па шэрагу параметраў.

Усім удзельнікам семінара была прапанавана структура і некаторыя мадэлі кампетэнтнасна арыентаваных заданняў. Затым настаўнікі аб’ядналіся ў групы па сумежных прадметных галінах і распрацавалі свае заданні.

Вопытныя настаўнікі расказалі маладым калегам, якія тэхналогіі і метады з’яўляюцца эфектыўнымі пры рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу. Разам быў прааналізаваны алгарытм пабудовы вучэбных заняткаў для рэалізацыі такога падыходу.

Вынікам сумеснай дзейнасці ўдзельнікаў семінара стала мадэль урока, якую распрацавалі маладыя настаўнікі побач з вопытнымі калегамі з мэтай прымянення гэтай мадэлі ў практыцы асабістай педагагічнай дзейнасці.

Вікторыя КІСЯЛЕЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы, кіраўнік МФ “Школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства” Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.