×

“Казка” на малой радзіме

14.08.2019 12:20,

У першы месяц лета для вучняў Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна расчыніў свае дзверы прышкольны аздараўленчы лагер “Казка”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу ўсёй змены былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей. Кожны наступны дзень быў непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі, зносінамі і сустрэчамі з цікавымі асобамі. Усе лагерныя мерапрыемствы былі тэматычна звязаны з Годам малой радзімы і 75-годдзем вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Асабліва запомніліся вучням сустрэчы са сведкамі ваенных падзей: Генадзем Мікалаевічам Вераб’ём (нарадзіўся ў весцы Галынка ў 1929 годзе, быў паранены пад час расстрэлу мірных жыхароў вескі Галынка 12 снежня 1942 г.) і Нінай Пятроўнай Дубель (нарадзілася ў вецы Клімавічы ў 1933 годзе). Яны падрабязна расказалі аб жудасных падзеях таго часу, аб жыцці сваіх сем’яў у час вайны і пасляваенны час. Дзеці былі вельмі ўражаны гэтымі сустрэчамі і яшчэ доўга абмяркоўвалі іх.

 

Гродзенская вобласць рыхтуецца адзначыць 75-годдзе з дня ўтварэння. З гэтай нагоды — экскурсіі па нашых святынях: у в. Жыровічы наведалі Свята-Успенскі праваслаўны манастыр, пабывалі каля святога вытоку з купелямі, пазнаёміліся з манастырскім Эдэмскім садам; у г.п. Зэльва наведалі касцёл Святой Троіцы, у в. Сынкавічы — царкву.

ельмі цікавай і пазнавальнай атрымалася сустрэча дзяцей з С.А.Худзяевым, народным майстрам, які правёў майстар-клас па асновах  ганчарнай справы. Выдатныя сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, дзеці забралі дамой.

 

Увесь назапашаны краязнаўчы матэрыял вучні аднеслі ў гісторыка-краязнаўчы музеі нашай установы, дзе па выніках работы лагера стварылі экспазіцыю “Мая радзіма: новыя грані і адкрыцці”.

 

Як адзначыла дырэктар установы Л.І.Літвак, дзейнасць прышкольных лагераў немагчымая без зладжанай і добра арганізаванай работы ўсіх структур. У сувязі з гэтым мы дзякуем работнікам культуры і ўсім настаўнікам, якія прымалі ўдзел у рабоце прышкольнага лагера. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў летніку “Казка”, надоўга запомняцца хлопчыкам і дзяўчынкам незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.

Жанна НАГУЛА,
начальнік аздараўленчага лагера  “Казка” Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна.