×

Курсы па асновах праваслаўнай культуры

21.03.2020 15:24,

На працягу тыдня праходзілі павышэнне кваліфікацыі настаўнікі, якія вядуць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры», і класныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў.

Заняткі былі арганізаваны Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, аддзелам адукацыі Бераставіцкага райвыканкама і праходзілі на базе гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы, нядзельнай школы прыхода храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы Свіслачы і Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя В. С. Прытыцкага.

Для нас, слухачоў, незвычайным і ўрачыстым быў пачатак курсаў з набажэнства на ўсякую добрую справу у свіслацкім храме. Затым у гімназіі адбыўся круглы стол на тэму «Рэлігія як агульначалавечая з’ява» з удзелам іерэя Сергія Тарасевіча і намесніка начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людмілы Анатольеўны Кіўлюк.

Слухачы разгледзелі філасофскі, псіхалагічны, сацыялагічны, этнаграфічны і багаслоўскі пункты гледжання на паходжанне рэлігіі, падкрэслілі ролю і значэнне рэлігіі ў жыцці грамадства.

Вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі настаўнікаў рэалізуецца пры ўдзеле святароў Гродзенскай епархіі згодна абласной Праграме супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Айцец Сергій правёў лекцыю «Хрысціянства і хрысціянскае веравучэнне». Былі разгледжаны пытанні ўзнікнення і распаўсюджвання хрысціянства, раскрытыя асновы хрысціянскага веравучэння. Асаблівую цікавасць выклікалі практычныя занятакі, праведзеныя айцом Сергіем у нядзельнай школе, дзе слухачы мелі зносіны на тэму «Святая Традыцыя і Святое Пісанне. Богаслужэбная літаратура». Тут мы атрымалі змястоўныя адказы на пытанні пра веру, пазнаёміліся з душакарыснай літаратурай царкоўнай бібліятэкі.

Сустрэча з іерэем Уладзімірам Грышкевічам дазволіла педагогам глыбей вывучыць тэму «Хрысціянства ў гісторыі і культуры Беларусі». Настаўнікаў хвалявалі пытанні ўзаемадзеяння праваслаўнай і каталіцкай царквы, хацелася падрабязней даведацца пра падзвіжнікаў праваслаўнай веры – нашых сучаснікаў, пра новыя падыходы ў пытаннях працы царквы з моладдзю.

Вялікая ўдзячнасць святарам Гродзенскай епархіі, айцу Сергію і айцу Уладзіміру, каардынатару курсаў Людміле Анатольеўне Кіўлюк, выкладчыкам ГрАІРА за асвету настаўнікаў Свіслацкага і Бераставіцкага раёнаў па пытаннях духоўна-маральнага выхавання школьнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

Павышэнню кваліфікацыі педагогаў садзейнічалі таксама і прадстаўнікі абласных рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў і школьнікаў, якія дзейнічаюць на базе ясляў- сада № 77 Гродна і Жыровіцкай СШ Слонімскага раёна. Абмен вопытам практычнай дзейнасці паміж установамі адукацыі, якія супрацоўнічаюць з храмамі Гродзенскай і Навагрудскай епархій, узбагаціў змест курсаў. Далейшая практыка слухачоў у сваіх установах адукацыі цяпер будзе больш плённай і накіраванай на фарміраванне каштоўнасных арыентацый навучэнцаў і бацькоў.

Алена ТАЎКАНІЦА,
педагог гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы.