×

Лета — пара вандровак

12.08.2019 15:55,

Лета — пара адпачынку, вандровак, знаёмстваў з новымі мясцінамі, сустрэч з цікавымі людзьмі. Гэты год багаты на юбілейныя даты. У пачатку ліпеня мы адзначылі 75-ю гадавіну з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а наперадзе яшчэ дзве: 75-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці і 975 гадоў гораду Навагрудку. Таму вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы вырашылі наведаць усе раёны вобласці і прыняць удзел у праекце “Гродзеншчына вядомая і невядомая”.

Сваё падарожжа мы пачалі з Ашмянскага раёна. А вось і першы прыпынак — вёска Баруны, асноўнай славутасцю якой з’яўляецца Касцёл Святых Пятра і Паўла. Ён быў пабудаваны ў далёкім 1757 годзе. Гэты касцёл — вельмі яркае ўвасабленне архітэктуры так званага “віленскага” барока. Вучні мелі магчымасць убачыць цудатворную ікону Божай Маці. Гэты абраз, створаны ў XVII стагоддзі, на дадзены момант з’яўляецца адной з шырока шануемых каталіцкіх святынь Беларусі.



Далей наша экскурсія накіравалася на Смаргоншчыну, да маляўнічых руін Крэўскага замка, дзе і сёння блукаюць прывіды і адчуваецца энергетыка велічных збудаванняў, якія перажылі восем стагоддзяў. А падзеі, якія адбываліся ў Крэўскім замку, паўплывалі на ход гісторыі не толькі нашай краіны, але і ўсёй Усходняй Еўропы.



Чароўнымі гукамі паланэза “Развітанне з Радзімай” сустрэў нас музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе. Вучням вельмі спадабаліся і тэатралізаваная экскурсія, і самі краявіды мясцовасці, якія напоўнены цудоўнай музыкай.



Наша падарожжа працягваецца. І за вокнамі аўтобуса ўзвышаюцца карпусы флагмана энергетыкі краіны Беларускай АЭС. Яшчэ некалькі хвілін — і перад намі ва ўсёй сваёй велічы паўстае Троіцкі касцёл у вёсцы Гервяты. Уразіла не толькі ўнутранае ўбранства касцёла, але і чысціня, прыгажосць вакол яго. На тэрыторыі шмат скульптур, растуць рэдкія пароды дрэў і кустарнікаў, усюды “палаюць” кветкі.



Апошні прыпынак — Гальшаны. Мы наведалі касцёл Святога Іаана Хрысцiцеля і манастыр францысканцаў, Гальшанскі замак, пачулі шмат легенд і паданняў. Адным словам, дакрануліся да гісторыі. А што можа быць цікавей, чым руіны сярэднявечнага замка? Правільна! Падзямелле такога замка. Але, на жаль, трапіць у падзямелле нам не ўдалося. 

Усю дарогу дамоў вучні дзяліліся ўражаннямі. Яны даведаліся шмат новага і цікавага, весела правялі час. Экскурсія спадабалася ўсім, ніхто не застаўся абыякавым. Адным запомніліся помнікі дойлідства, другіх зацікавілі гістарычыя факты, легенды і паданні, а хтосьці шукаў сувязь пачутага і ўбачанага з гісторыяй нашай Навагрудчыны. Да новых уражанняў!

Ірына РАДЗЮК,
класны кіраўнік 7 класа Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.