×

Лета — пара залатая

02.09.2019 15:34,

Лета — пара сапраўды залатая. Бо ад таго, як чалавек падмацуецца ў гэты перыяд жыватворнай сілай самой прыроды, якую псіхалагічную разгрузку ён атрымае, якія станоўчыя эмоцыі набудзе і чым ўзбагаціцца, залежыць яго далейшы поспех, рэалізацыя новых планаў і задум.

Ужо чацвёрты год на базе Вялікаэйсмантаўскай школы Бераставіцкага раёна арганізуецца эколага-краязнаўчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Пэрспэктыва”. Дваццаць хлопчыкаў і дзяўчынак у чарговы раз на 9 дзён пасяліліся ў сценах роднай школы.

Характэрнай асаблівасцю жыцця ў нашым лагеры з’яўляўся індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, арганізацыя яго дзейнасці з улікам магчымасцяў і асаблівасцяў. Жыццё ў “Пэрспэктыве” было напоўнена цікавымі падзеямі і новымі сустрэчамі, мы выкарыстоўвалі ўсе магчымасці для займальных і карысных зносін дзяцей з аднагодкамі і дарослымі. Дзіця — галоўная фігура ў лагеры, вельмі важна, каб яно адчувала сябе па-сапраўднаму камфортна, а гэта, у першую чаргу, залежыць ад умення выхавальнікаў стварыць мікраклімат у лагеры.

Мы правялі шэраг мерапрыемстваў, якія сталі ўжо традыцыйнымі: свята адкрыцця і закрыцця змены, “Вогнішча сяброўства”, квест “Па сцяжынках роднага аграгарадка”. Дзецм прымалі актыўны ўдзел у іх падрыхтоўцы, складалі маршрут экскурсіі, працавалі ў творчых майстэрнях.

Весела і займальна прайшоў конкурс жартоўных мініяцюр “Будучыня аграгарадка Вялікія Эйсманты”, дзе выхаванцы не толькі паказалі свае выступленні, але і падрыхтавалі да кожнай мініяцюры малюнак. Шмат новых і цікавых фактаў даведаліся дзеці падчас наведвання народнага музея баявой славы Луненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. З вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах (“Маленькія сакрэты вялікага турызму”, квест “Ралі бегуноў”, гульня-атракцыён “Развядучы-шоу”, спаборніцтвы па футболе з камандай Гудзевіцкай сярэдняй школы).

Лагер развівае ў дзяцей іх творчыя, спартыўныя і пазнавальныя здольнасці. Гэта добрая магчымасць чымсьці ўзбагаціць дзяцей, штосьці ў іх выхаваць і даць штуршок для далейшага развіцця.

Алена ТАЛОЧКА,
дырэктар лагера “Перспектыва” Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.