×

Летам — у “Спадчыну”

09.08.2019 14:33,

Лета час адпачынку, яркіх эмоцый і прыемных уражанняў. А калі яшчэ і незабыўных адкрыццяў і вялікіх дасягненняў...

Менавіта ўсё гэта атрымалі выхаванцы, правёўшы 9 дзён у краязнаўчым палатачным лагерыСпадчынапры Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

“Мы — будучыня краіны” — так называлася лагерная змена, у якую ўвайшлі 30 дзяўчынак і хлопчыкаў, якім было цікава больш даведацца пра сваю малую радзіму, разгадаць яе таямніцы, здзейсніць для сябе адкрыццё. Работа будавалася так, што кожны дзень праходзілі хвілінка здароўя, краязнаўчая экспедыцыя, гадзіна спорту і забаўляльнае мерапрыемства. Падвядзенне вынікаў (выбар героя дня) праходзіла ля вогнішча.

Пад надзейным кіраўніцтвам дырэктара лагера Анастасіі Іванаўны Кулеш працавала каманда выхавальнікаў, абслуговага персаналу, работнікаў кухні. Выхаванцы былі не толькі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, але і памочнікамі, а таксама арганізатарамі. Самыя актыўныя — Уладзіслаў Апанас, Кацярына Бычкова, Мілана Лавыш, Беата Корсак, Яна Філон, Аляксей Шлямпо, Анастасія Янушко.

У першы ж дзень падлеткі дакрануліся да гісторыі свайго аграгарадка Геранёны. Гадзіна гісторыі “У гістарычным мануменце — слава, памяць і падзяка” была прысвечана помніку Невядомаму салдату.

У другі дзень змены пад назвай “Квітней, родная вёска!” хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся на экскурсію-назіранне “Кветкі роднага краю, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь”. А пасля змаглі праверыць, наколькі добра яны ведаюць жывёльны і раслінны свет свайго аграгарадка, прыняўшы ўдзел у экалагічнай віктарыне “Флора і фаўна маёй мясцовасці”.

Дзень трэці прайшоў пад дэвізам “Мінулае не забывай. Мінулае —настаўнік будучыні”. Гэты дзень быў прысвечаны гістарычнай спадчыне нашага аграгарадка, а таксама гістарычным помнікам, размешчаным на тэрыторыі Геранёнскага сельскага савета.

На наступны дзень удзельнікі змены адправіліся ў займальнае падарожжа па залатому колу Іўеўшчыны (Геранёны—Суботнікі—Жамыслаў—Трабы—Лаздуны—Іўе—Геранёны). Яны наведалі помнікі гісторыі на тэрыторыі нашага раёна. І, як бачыце, усе дарогі вядуць у Геранёны! Пасля абеду прынялі ўдзел у рабоце літаратурнага часопіса “Геранёны ў творах мясцовых паэтаў і творах мастацкай літаратуры”. Падчас віртуальнага падарожжа ў мастацкую галерэю выхаванцы лагера ўбачылі, як выглядала наша вёска ў даўнія часы.

“Беларусь памятае!” — такая назва была ў пятага дня нашай змены. Выхаванцы лагера наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

На наступны дзень падлеткі адправіліся па краязнаўчым маршруце “Мая малая радзіма”, а таксама наведалі горад Ліда.

Дзень сёмы, “У здаровым целе — здаровы дух”, пачаўся хвілінай здароўя, прысвечанай прафілактыцы тытунекурэння, ужывання алкаголю. На працягу ўсяго дня праходзілі спаборніцтвы па тэнісе, шашках, дартсу. Завяршыўся дзень правядзеннем спартыўна-турыстычнага свята “З турызмамна ТЫ” і дыскатэкай “Мы — за здаровы лад жыцця”.

Дзень восьмы прайшоў пад дэвізам “Мы — будучыня нашай радзімы!”. Хлопцы і дзяўчаты наведалі інфармацыйную хвілінку, прысвечаную 50-годдзю ўтварэння Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. А таксама паспрабавалі сябе ў ролі прадпрымальнікаў і стварылі свае бізнес-праекты для развіцця малой радзімы. Праграма “Містар і Міс лагера” парадавала многімі цікавымі конкурсамі. Па выніках былі абраныя Містар і Міс лагера — Андрэй Масель і Яна Філон. Вечар скончыўся забаўляльнай праграмай пад назвай “Тэрыторыя самастойнасці”, у якой усе жадаючыя маглі праявіць сваю ініцыятыву.

Хутка праляцеў час у лагеры. І вось апошні дзень. У конкурсе турыстычна-экскурсійных маршрутаў пад назвай “Сардэчна запрашаем у Геранёны!” былі прапанаваны розныя варыянты экскурсійных тураў па нашай малой радзіме (пешыя туры, велатуры і іншыя). Квест-гульня “Сцежкамі майго аграгарадка” прымусіла хлопцаў і дзяўчат праявіць камандны дух, хуткасць прыняцця рашэнняў і зладжанасць дзеянняў. Ну, а перамагла дружба. Урачыстае закрыццё лагернай змены стала яркім падвядзеннем вынікаў. Усе атрымалі падарункі, а самыя актыўныя былі адзначаны спецыяльнымі прызамі і граматамі. Да новых сустрэч у лагеры “Спадчына”!

Наталля САСНОЎСКАЯ,
с
таршы выхавальнік лагера.