×

Ліга добрых сэрцаў

26.03.2020 11:51,

У рамках вялікай цімураўскай гульні “ДабраДзел” каманда “Мурашы” Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі наведала цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і прадставіла інтэрактыўную казку “Калабок”.

Дзяцей вельмі ўразілі выхаванцы цэнтра з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і яны звярнуліся да сваіх старэйшых сяброў з аб’яднання па інтарэсах “Школа лідара” і “Акцябрацкі лідар” з проcьбай расказаць ім пра асаблівых дзяцей. Для выхавання дабрыні і талерантнасці ў малодшых таварышаў дзеці з гэтых аб’яднанняў па інтарэсах правялі арт-сустрэчу “Іскра дабрыні”. Пасля арт-сустрэчы ўзнікла ідэя інклюзіўнага праекта “Ліга добрых сэрцаў” па аказанні дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У снежні мінулага года ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” быў дадзены старт інклюзіўнаму праекту “Ліга добрых сэрцаў”. Піянеры Мастоўскай раённай арганізацыі БРПА наведалі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з гульнявой праграмай “Ялінка дабрыні”. Дзеці разам з выхаванцамі цэнтра ўпрыгожвалі намаляваную ялінку навагоднімі цацкамі і загадвалі жаданні. Мерапрыемства працягнулася канцэртнай праграмай. Піянеры расказалі выхаванцам цэнтра пра сваю арганізацыю, а потым прапанавалі размаляваць лагатып БРПА і пакінуць на памяць шматколерныя далоні ў знак сяброўства і дабрыні. Піянеры падарылі выхаванцам цэнтра салодкі падарунак і паабяцалі заўсёды і ва ўсім ім дапамагаць.

На раённым фестывалі валанцёраў ініцыятыўная група Мастоўскага раённага савета БРПА вырашыла вынесці на галасаванне прапанову па афармленні сенсорнай пляцоўкі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на тэрыторыі цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Усе піянерскія дружыны раёна падтрымалі гэтую прапанову і пачалі прымаць удзел у праекце. Пачалі збіраць прыродны матэрыял для стварэння сенсорнай пляцоўкі.

У пачатку гэтага года члены Мастоўскага раённага савета піянерскай арганізацыі, члены маладзёжнага парламента Мастоўскага раёна, а таксама прадстаўнікі БРСМ наведалі выхаванцаў цэнтра з гульнявой праграмай “Святкі на Калядкі”. Выхаванцы цэнтра пазнаёміліся з традыцыямі святкавання Каляд, прынялі ўдзел у гульнях і карагодах.

Спадзяёмся, што 19 мая 2020 года ў Дзень піянерскага сяброўства пройдзе ўрачыстае адкрыццё сенсорнай пляцоўкі, якая стане карысным падарункам для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Наталля РАДКЕВІЧ,
загадчык аддзела Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.