×

Лясная справа

15.04.2019 14:19,

Пятніца 5 красавіка выдалася багатай на ўражанні для вучняў 6 “Б” нашай школы. Нас запрасілі ў Гродзенскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне. Падзея адбылася дзякуючы бацькам вучня Яна Лігера, якія працуюць у Гродзенскім лясгасе, Людміле Іванаўне і Эдуарду Іванавічу Лігерам.

Пачалі мы са знаёмства з лясгасам, што размяшчаецца ў Пышках. Нам прадставілі спецыялістаў па ўзнаўленні лесу, ахове лесу, паказалі, з якога насення вырастаюць дрэвы, як іх даглядаюць. Яшчэ распавялі, як выяўляюць браканьераў, і паказалі фотапасткі, нагадалі, якія бываюць пажары і як іх тушаць… Тут мы даведаліся пра талаку, прысвечаную Году малой радзімы і прымеркаваную да тыдня лесу “Пасадзі сваё дрэва!”, і адправіліся далей, каб прыняць удзел у гэтай акцыі.

У Аўгустоўскім лясгасе нас чакалі маленечкія сосны, а таксама падрыхтаваная дзялянка, дзе мы пад уважлівым вокам і з дапамогай ляснічых высаджвалі дрэўцы ў глебу. Так мы заклалі памятную алею ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашцсцкіх захопнікаў.

Далей мы накіраваліся ў паляўнічую сядзібу каля вёскі Кадыш. Тут пабачылі вялізны вальер, у якім можна назіраць за аленямі з назіральнай вышкі, а таксама даведаліся пра магчымасць палявання на розных жывёл. Сядзіба размяшчаецца ў маляўнічым месцы на беразе ракі Чорная Ганча, каля лесу. Дзеці пасля насычанай пазнавальнай экскурсіі адпачылі на прыродзе, пагулялі на дзіцячай пляцоўцы.

Але пара вяртацца дадому… Напэўна, пасля такога падарожжа дзеці будуць беражліва ставіцца да прыроды. А можа, хтосьці з сённяшніх вучняў, натхнёны экскурсіяй, абярэ сабе будучыню, звязаную з лесам.

Алеся ДЗЕРГАНОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6 “Б” класа ДУА Сярэдняя школа № 36 Гродна з польскай мовай навучання”.