×

Мабільнікам на ўроку не месца

08.10.2019 15:23,

Правілы па абмежаванні карыстання мабільнымі тэлефонамі ў Крэўскім яслях-садзе — сярэдняй школе пачалі ўкараняць з красавіка 2019 года. Навучэнцам было прапанавана ў час заняткаў пакідаць свае тэлефоны ў партфелях, а не на партах альбо ў кішэнях. А на перапынках мабільныя тэлефоны выкарыстоўваць толькі для сувязі з іншымі, не для гульняў. 

З верасня 2019 года кожны школьны дзень нашых навучэнцаў пачынаецца з арганізацыйнага мерапрыемства: зайшоў у клас — пакладзі свой мабільны тэлефон у арганайзер. Практыка паказала, што такі вопыт толькі на карысць адукацыйнаму працэсу: нішто не адцягвае ўвагу. Наадварот, уся ўвага прыцягнута да таго, што гаворыць настаўнік. А калі ёсць патрэба на ўроках хіміі, геаграфіі ў старэйшых класах, тэлефон хутка можна ўзяць з арганайзера, а не шукаць на дне партфеля.

На бацькоўскім сходзе ў верасні бацькі былі азнаёмлены з дадзенай сістэмай захоўвання і карыстання мабільных тэлефонаў. Ніхто з прысутных не выказаўся негатыўна. Бацькі ўпэўніліся, што ў арганайзеры тэлефон не разаб’ецца, не падрапаецца, не згубіцца, бо ён увесь час навідавоку.

Ні для кога не сакрэт, што сучасныя мабільныя тэлефоны даўно перасталі быць проста сродкамі сувязі і ператварыліся ва ўніверсальныя “забаўляльныя цэнтры”. Як карыстацца дзецям мабільнымі тэлефонамі дома — асабістая справа кожнага з бацькоў. Адно тут ясна цалкам дакладна: важна з малых гадоў фарміраваць у дзяцей культуру выкарыстання гаджэтаў і разуменне, дзе тэлефон будзе дарэчы, а дзе — не.


Таццяна ШАЎЦОВА,
педагог-арганізатар Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.