×

Майстар-клас ад чэмпіёна

14.02.2020 14:13,

У межах праекта “ШАГ”, Года малой радзімы і 80-годдзя ўтварэння Воранаўскага раёна госцем пагародзенскіх школьнікаў другі раз стаў двухразовы чэмпіён свету, пяціразовы рэкардсмен свету па паўэрліфцінгу Аляксандр Кодзіс. У пасяджэнні “ШАГа” па тэме “Ганаруся сваімі землякамі” прынялі ўдзел навучэнцы з другіх школ раёна.

Школьнікі з захапленнем слухалі расказ свайго знакамітага земляка, выпускніка нашай школы пра яго шлях у спорт. З задавальненнем глядзелі відэа з розных спартыўных спаборніцтваў і захапляліся фізічнай сілай і вынослівасцю спартсмена. Уразіла тое, як Аляксандр на свяце горада Гродна на “Лесвіцу кахання” занёс штангу вагой 200 кг.

Навучэнцы даведаліся, што спартсмен важыць амаль 108 кг, найлепшы яго вынік на спаборніцтвах — 375 кг; ён не засяроджвае ўвагу на шматлікіх траўмах; самае запамінальнае спаборніцтва 2019 года — чэмпіянат свету, удзел у спаборніцтвах па бодзібілдынгу; у найбліжэйшай перспектыве — адкрыты чэмпіянат Беларусі ў красавіку.

Яшчэ ў школе, марачы стаць самым моцным, Аляксандр Кодзіс трэніраваўся на мяшку з пяском замест грушы. Пасля заканчэння школы тры гады займаўся боксам. Працаваў па 18 гадзін у суткі, каб атрымаць магчымасць трэніравацца ў спартыўных залах. “Усё — у характары!” — пераконваў спартсмен.

Проста, па-сяброўску спартсмен перасцярог школьнікаў ад ужывання энергетычных напіткаў, пустога захаплення інтэрнэтам.

Майстар-клас, які правёў Аляксандр, прайшоў на “ўра!”. Спаборніцтвы па выжыманні і падцягванні знайшлі школьнікаў-“чэмпіёнаў”. Госць прадэманстраваў і свае магчымасці. А медалі з рук спартсмена, фатаграфіі  з аўтографам застануцца на добрую памяць. Кубак з чэмпіянату свету зямляк-чэмпіён падарыў школьнаму музею.

Аляксандр плануе наведаць школу са сваімі сябрамі-спартсменамі і здзівіць новай спартыўнай праграмай.

Вацлава ГУРСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА “Пагародзенская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна.