×

Маленькае жыццё

20.08.2019 14:41,

Лета доўгачаканая пара, пара шчасця і цяпла, аздараўлення і паездак. Не трэба спяшацца ў далёкія заморскія краіны, бо самы лепшы адпачынак у нас, у Навагрудскім раённым аздараўленчым лагеры Свіцязь.

Калі я прыехала ў лагер, пачалася асобная гісторыя: гісторыя майго лета. 18 дзён, праведзеных тут, мяняюць многае ў жыцці. Важатыя, фізрук, старшы выхавальнік, педагог-арганізатар становяцца табе сябрамі, але кожны па-свойму. Хтосьці становіцца радней і бліжэй, хтосьці крыху далей. У кожнага з’яўляюцца свае кампаніі, свае асобныя шайкі... Але мы ўсе — адна вялікая сям’я нашага лета!

Не атрымаўшы атрад, не стаўшы важатым, а стаўшы педагогам-псіхолагам, ты разумееш, што ў цябе няма дзяцей, што змена пройдзе не так. Аднак... У мяне “пад крылом” 210 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе атрады — гэта адзін вялікі атрад, адна сям’я.

Пастраенні, дыскатэкі, квест-гульні, конкурсы — яны назаўжды ў памяці. Можна пісаць бясконца, што адбываецца на змене, у гэтай закрытай прасторы на тэрыторыі лагера. Не паспяваеш узяць выхадны, таму што перажываеш, што можна прапусціць нешта важнае. А вяртаешся з выхаднога з вялікім жаданнем моцна-моцна абняць кожнага, бо амаль цэлы дзень ты толькі і думаў, як яны там без цябе былі. І ты разумееш, што ў свой выхадны ты думаеш і сумуеш па дзецях.

Лагер — гэта тое месца, якое становіцца вельмі родным і блізкім, і з’ехаць адсюль без слёз проста немагчыма.

Людміла ДАВІДОВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада 10 Навагрудка.