×

Малышы прывыкаюць да сада

07.08.2019 12:34,

Кожны год у канцы лета дзверы нашага дзіцячага сада адчыняюцца для маленькіх наведвальнікаў. Вось і сёлета яслі-сад № 6 Навагрудка зноў пачаў прыём дзяцей ад 2 да 3 гадоў у групы ранняга ўзросту.

Раніцай, пасля раставання з бацькамі, нашы дзеці дзелавіта прымаюцца за вывучэнне свайго новага месцазнаходжання, дастаюць цацкі, зазіраюць ва ўсе куткі, знаёмяцца адно з адным і з дарослымі.

У гульнях-занятках у малых фарміруюцца, паглыбляюцца і ўдакладняюцца ўяўленні пра навакольны свет, удасканальваюцца практычныя ўменні і навыкі. Плануючы гульні-заняткі з нашымі выхаванцамі, мы вырашаем не толькі адукацыйныя і развіваючыя задачы, але і выхаваўчыя: фарміруем першасны практычны вопыт маральных паводзін у коле аднагодкаў. Эфектыўнасць гульняў-заняткаў вызначаецца ўменнем дзяцей прымяняць атрыманыя ўяўленні ў самастойнай дзейнасці.

Разам з выхавальнікам у дзейнасці группы прымаюць удзел музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг. Знаходжанне ў такой группе забяспечвае хуткую адаптацыю дзяцей да дашкольнай установы.

Вядома, новыя ўражанні, абстаноўка, новая дзейнасць, вялікая колькасць людзей аказваюць моцны ўплыў на псіхіку маленькага дзіцяці. У выніку некаторыя дзеці моцна стамляюцца, плачуць, адмаўляюцца ад ежы, дрэнна засынаюць днём. Патрэбен час, іншы раз 2—3 месяцы, каб малыя прывыклі да новага рэжыму жыцця.

Узгодненасць дзеянняў педагогаў і бацькоў, збліжэнне падыходаў да індывідуальных асаблівасцей дзіцяці ў сям’і і ў дзіцячым садзе, добразычлівае супрацоўніцтва дарослых — усё гэта зможа дапамагчы дзецям ранняга ўзросту добра пачаць гэты зусім новы і шчаслівы перыяд у іх жыцці.

Ірына МАШЧОНСКАЯ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 6 Навагрудка.