×

Марна часу не траць, на кірмаш ідзі куплять!

08.10.2019 15:15,

Восень… Многія не любяць гэты час года, з жалем выходзяць з водпуска і зусім не заўважаюць, што прапускаюць такі прыгожы і чароўны перыяд. Узяць, напрыклад, дары лесу і дамашняга агарода. Толькі восенню мы можам па-сапраўданаму адчуць багацце нашай прыроды.

Ужо каторы год традыцыйным святам у сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска стаў школьны кірмаш. Вось і ў гэтую суботу школа адчыніла свае дзеры для ўсіх жадаючых наведаць “Кірмаш на Шапэна, 5”.

У актавай зале, дзе праходзіла мерапрыемства, літаральна не было месца. З самага ранку панаваў святочны настрой. Адкрылі мерапрыемства скамарохі, Пятрушка, школьныя артысты. Сваім вясёлым выступленнем яны зазывалі гасцей, пакупнікоў на свята! Кожны клас прадставіў багаты стол, святочна аформлены і ўпрыгожаны. Чаго тут толькі ні было! Радавалі вока вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выкананыя сваімі рукамі, цудоўныя вырабы з агародніны. Кожны мог знайсці пачастунак на свой густ.

А які школьны кірмаш без выпечкі? Тут і торты, і піражкі, і пячэнне — усяго не пералічыш. Хтосьці выставіў на продаж вырабы, зробленыя сваімі рукамі.

У гэтым годзе некаторыя навучэнцы частку выручаных грошай вырашылі патраціць на невялікія падарункі для выхаванцаў дзіцячага дома.

Прыемна тое, што разам з вучнямі былі іх бацькі, класныя кіраўнікі, сябры. Школьны кірмаш асаблівы таму, што дзеці могуць праявіць свае таленты, майстэрства, фантазію і знаходлівасць.


Дар’я ПАБУДЗЕЙ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.