×

Масты сяброўства: крок насустрач

05.09.2019 14:26,

Пятая змена ў лагеры “Рось” ўжо трэці год запар была міжнароднай. Тут  праходзілі аздараўленне хлопчыкі і дзяўчынкі з Гродна, Ваўкавыскага раёна і Малдовы. Нездарма змена называлася “Масты сяброўства: крок насустрач”.

У аздараўленчым лагеры склаліся свае традыцыі: адкрыццё і закрыццё змены пачынаецца ўрачыстай лінейкай. На першай лінейцы кожнаму атраду ўручаецца сімвал лагера — гальштук, а на лінейцы закрыцця  кожны атрад урачыста здае гальштукі адміністрацыі лагера. Кожную раніцу і кожны вечар  падводзяцца вынікі дня, кожны атрад дружна агучвае свой дэвіз і спявае атрадную песню. У пачатку змены дзеці з Малдовы спявалі сваю атрадную песню на малдаўскай мове, а на завяршэнне змены атрадную песню на малдаўскай мове спявалі ўсе: і ваўкавычане, і гродзенцы, і малдаване.

На мосце сяброўства з каляровай паперы кожны дзень юныя малдаване і беларусы прымацоўвалі намаляваныя слядкі “Крок насустрач”, і напрыканцы змены каляровыя чалавечкі — малдаванін і беларус — сустрэліся  ў цэнтры сімвалічнага моста.

За час змены  былі арганізаваны сумесныя экскурсіі ў Лідскі цэнтр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на завод керамічных вырабаў у Ваўкавыску, музей “Чалавека і прыроды” ў Мастах, у Каробчыцы каля Гродна і аглядныя экскурсіі па абласным цэнтры і Ваўкавыску, у музей сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска, аграгарадкі Воўпа і Гнезна і ўстановы адукацыі ў гэтых аграгарадках, а таксама наведалі дзеці мемарыяльны комплекс “Шавулічы”.

На заключным канцэрце, прысвечаным закрыццю пятай міжнароднай змены, гучалі песні на розных мовах — рускай, беларускай, малдаўскай. На свяце знайшлося месца вершам і гульням, фокусам і міні-спектаклям, конкурсам і танцам... Прыгожыя танцы паказалі госці з Малдовы. Усе ўдзельнікі акунуліся ў каларыт малдаўскіх матываў: нацыянальных танцаў, песень.

Госці с Малдовы гаварылі, што ім вельмі спадабалася беларуская кухня, беларускія традыцыі і гасціннасць, чысціня ў беларускіх гарадах і вёсках, і абяцалі зноў абавязкова вярнуцца. Беларускія і малдаўскія дзеці абмяняліся падарункамі на памяць аб сустрэчы, знаёмстве і сяброўстве.

Жанна КЕДАЛА,
дырэктар аздараўленчага лагера “Рось” Ваўкавыскага раёна.