×

Матэматычная задача пра родны горад

11.07.2019 11:57,

Году малой радзімы, 75-годдзю Гродзенскай вобласці прысвячалася даследчая дзейнасць вучняў малодшых класаў cярэдняй школы № 5 Ваўкавыска.

Даследчая работа вучняў пачалася з сустрэчы з кнігай “Люблю цябе, мая старонка”. У зборніку апублікаваны вершы, якія друкаваліся ў раённай газеце “Наш час”.


Настаўніца пачатковых класаў Н.В.Пляскач з юнымі даследчыкамі Алесяй Заблоцкай, Кірылам Беразоўскім, Яўгеніяй Трубач.

Вучні 3 “А” класа пад кіраўніцтвам настаўніцы Надзеі Вітальеўны Пляскач праводзілі даследаванне па тэмах “Яны вучыліся ў нашай школе” і “Абаронцы і вызваліцелі Радзімы, а не захопнікі чужых зямель”. Юныя даследчыкі вывучалі гістарычную літаратуру, праводзілі апытанні ветэранаў, анкетаванне, назіранне, інтэрв’юіраванне, апісанне, супастаўленне, інтэрпрэтацыю атрыманых даных. У даследаванні прынялі ўдзел 173 чалавекі, сярод іх — 164 вучні пачатковых класаў, 9 настаўнікаў. Вучні сабралі інфармацыю аб 37 удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Вучні 4 “Б” класа пад кі­раўніцтвам настаўніцы Аксаны Вікенцьеўны Іванюк прысвяцілі даследчую работу гісторыі Ваўкавыска. У наступным го­дзе будзе адзначацца 1015-годдзе горада. Вывучаючы шматлікія гістарычныя факты, дзеці заўважылі, што не існуе матэматычных задач пра Ваўкавыск. Школьнікі паставілі мэту: на падставе гістарычных сведчанняў пра родны горад скласці задачы па матэматыцы для вучняў пачатковых класаў.

Самая цікавая задача для навучэнцаў пачатковых класаў была аб Яніне Баляславаўне Жаймо, якая нарадзілася ў Ваўкавыску. Умова задачы паведаміла пра тое, што Папялушка з’яўляецца ваўкавычанкай. (Умова задачы: “Я.Б.Жаймо нарадзілася ў 1909 годзе ў Ваўкавыску. Вядомасць да актрысы прыйшла пасля таго, калі яна сыграла галоўную ролю ў казцы “Папялушка”, і ёй было 38 гадоў. У якім годзе выйшла казка “Папялушка”?)

Даследчыкі склалі задачы пра знакамітых людзей Ваўкавыска: пра акцёра А.Дзядзюшку, пра Г.Пеха, які адкрыў ў 1935 годзе Ваўкавыскі музей краязнаўства, пра вядомую паэтэсу Л.Геніюш, народнага артыста Рэспублікі Беларусь М.Пятрова, вуліцы і аб’екты горада. Падчас даследавання дзеці вывучылі гісторыю горада, склалі зборнік задач. Яны прапанавалі гэтыя задачы вучням пачатковых класаў школы, таму што кожны павінен ведаць усё пра сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.

Вынікам даследчай дзейнасці з’яўляюцца паспяховыя выступленні дзяцей на школьнай канферэнцыі, перамогі на раённых канферэнцыях даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў.

Марына СЫЧЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска.