×

Медыядасведчанаць для мяне

15.03.2019 16:38,

Выкладчык з ЗША правяла заняткі для навучэнцаў гімназіі № 1 г. Навагрудка. Для навучэнцаў гэта не першая сустрэча з выкладчыцай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стыпендыятам праграмы Fulbright English teaching assistantship program (ETA) Леслі Гібсан.

У гімназістаў ужо была магчымасць пазнаёміцца з выкладчыкам падчас ўступнага семінара трэнінгу “Медыядасведчанасць для мяне. Пачынаем!”, дзе Леслі Гібсан у яркай і запамінальнай форме навучыла дзяцей крытэрыям адбору дакладных навін, патлумачыла, якая небяспека хаваецца за перапісваннем неправеранай інфармацыі.

Навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у праекце “Медыядасведчанаць для мяне”, які рэалізоўваецца ў рамках малога гранта Alumni TIES пры падтрымцы Бюро па пытаннях адукацыі і культуры Дзяржаўнага дэпартамента ЗША і акцыянернай кампаніяй World Learning. Падчас праекта навучэнцы трох школ з Навагрудка, Прылукаў і Мінска пройдуць шасцітыднёвы анлайн-курс навучання, падчас якога пазнаёмяцца з такімі паняццямі, як медыя- і лічбавая дасведчанасць, медыйны ландшафт, бяспека анлайн, плагіят і аўтарскае права, “жоўтая прэса”, ідэальны пост у сацсетках, рэклама і асноўныя прыёмы прыцягнення ўвагі.

На працягу ўсяго праекта навучэнцы будуць падтрымліваць сувязь і праводзіць скайп-сустрэчы, а напрыканцы сустрэнуцца ў Мінску для падвядзення вынікаў. Варта адзначыць сацыяльную накіраванасць праекта, адной з задач якога з’яўляецца распаўсюджванне атрыманых ведаў пра такія важныя ў наш час інфармацыйныя тэхналогіі сярод аднагодкаў і навучэнцаў. Так, удзельнікі праекта падрыхтуюць выступленні для інфармацыйных і класных гадзін, падзеляцца новымі ведамі і навыкамі.

Леслі Гібсан расказала навучэнцам аб сваім родным штаце Фларыда і горадзе Тампа, а навучэнцы падзяліліся з госцяй парадамі, што можна наведаць у горадзе Навагрудку і Беларусі ў цэлым. Выкладчык пазнаёміла вучняў з геаграфічным становішчам, асаблівасцямі клімату, прыродай і сімваламі штата, адметнасцямі свайго роднага горада, адказала на пытанні. Падчас займальнай гутаркі навучэнцы даведаліся шмат цікавага пра Фларыду, параўналі родны горад Навагрудак з горадам Тампа. Навучэнцы падарылі госці распрацаваныя брашуры-даведнікі па Навагрудку, склалі турыстычны маршрут па мясцовых славутасцях.

Варта адзначыць, што падобныя заняткі з носьбітам замежнай мовы не толькі павышаюць цікавасць навучэнцаў да вывучэння замежных моў, але і даюць выдатную магчымасць выкарыстаць атрыманыя веды па-за межамі школьнай праграмы ў рэальнай сітуацыі зносін.

Ірына ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы, каардынатар праекта ад гімназіі № 1 Навагрудка.