×

Метэастанцыя ў дзіцячым садку

20.08.2019 17:02,

Нават самыя маленькія дзеці хочуць ўсё ведаць пра надвор’е. Таму ў нашым дзіцячым садку мы пабудавалі для выхаванцаў сапраўдную метэастанцыю.

Пляцоўку выбралі адкрытую і дастаткова прасторную. Самае першае, што зрабілі, гэта флюгер-певень і ветраны рукаў, якія дапамагаюць вызначыць напрамак і сілу ветру. Цяпер выхаванцы ведаюць, што, калі вецер халодны, то ён дзьме з поўначы, калі цёплы, то з поўдня. Па сонечнаму гадзінніку дзеці вызначаць прыкладны час, назіраюць за рухам сонца па небасхілу. А вось рамка-вызначальнiк воблакаў расказвае, якія воблакі плывуць па небасхілу.

У метэабудцы размешчаны метэапрыборы: тэрмометр, а таксама прыродны барометр (яловыя шышкі). А з вясны па восень кветкі, якія растуць на метэапляцоўцы, расказваюць пра надворье. Ранняй вясной гэта крокусы і цюльпаны, а летам і восенню аксаміткі. Пры моцным павелічэнні вільготнасці, што звычайна бывае перад дажджом, кветкі закрываюцца. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікае дажджамер, ён дапамае вызначыць колькасць выпаўшых асадкаў.

Наведванне метэапляцоўкі выклікае ў выхаванцаў сапраўдную цікавасць. Тут ёсць магчымасць не толькі даведацца пра надвор’е і прыродныя з’явы, але і адчуць сябе сапраўдным навукоўцам і даследчыкам. Кожны ведае, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. А калі яшчэ веды замацаваць практычнымі заняткамі, то яны застануцца у памяці на ўсё жыццё.

Святлана КАРСЕКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 73 Гродна.