×

Місія — жыць!

01.11.2019 16:08,

З мэтай папярэджання наркатычнай залежнасці ў падлеткаў у сярэдняй школе № 7 Смаргоні праходзіла антынаркатычная акцыя “Місія — жыць!”. У рамках акцыі арганізаваны і праведзены розныя мерапрыемствы.

У школьнай бібліятэцы аформлена тэматычная выстава па папярэджанні распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў.

На вучэбных занятках прайшлі інфармацыйныя хвілінкі “Спайсы: за і супраць”.

Падчас класных і інфармацыйных гадзін праведзены інтэрактыўныя гутаркі на тэмы “Наркотыкі — дарога ў нікуды”, “Жыццё без наркотыкаў”, паказаны відэафільм “Жыццё неацэннае”.

На класныя бацькоўскія сходы запрасілі ўрача-валеолага Смаргонскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алену Кундро. Падчас сходаў была агучана інфармацыя аб сімптомах наркатычнай залежнасці, а таксама дадзены слушныя парады бацькам аб тым, як зберагчы дзяцей ад згубнай прывычкі.

Служба СППС выпусціла буклеты і ўлёткі “Наркотыкі — дарога ў нікуды”, якія былі раздадзены старшакласнікам, бацькам вучняў.

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя правялі спаборніцтвы пад дэвізам “Спорту — так! Наркотыкам — не!”.

Педагог-арганізатар Карына Іголка арганізавала конкурс малюнкаў, плакатаў, калажаў па тэме “Грані жыцця”.

Праведзеная акцыя дала магчымасць падлеткам яшчэ раз упэўніцца, што жыццё — самы дарагі падарунак, які варта цаніць.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.