×

Музей дзейнічае — значыць, жыве!

28.11.2019 14:57,

Год малой радзімы — добрая нагода, каб усвядоміць адметнасць роднага кутка, нашай непаўторна прыгожай Беларусі. У сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска знаходзіцца “Музей адукацыі Ваўкавышчыны”.

Музей — своеасаблівая скарбонка часу, дзе захоўваюцца экспанаты — сведкі мінулага. Некаторыя з іх сапраўды ўнікальныя. У спецыяльна адведзеным пад музей кабінеце размяшчаецца экспазіцыя, якая ўключае наступныя раздзелы: “Вытокі ХІ — ХVІІІ стст.”, “Адукацыя ў Ваўкавыскім павеце 1795 — пачатку ХХ ст.”, “Адукацыя ў Ваўкавыскім павеце 1921—1939 гг.”, “Тайнае навучанне”, “Аднаўленне 1944—1950 гг.”, “Гісторыя развіцця падручніка”, “Раённы і гарадскі аддзелы адукацыі”, “Школа № 4: учора і сёння”.

Кожны з раздзелаў па-свойму цікавы. Напрыклад, у раздзеле “Вытокі ХІ—ХVІІІ стст.” можна даведацца пра рэлігійнае і культурнае жыццё Ваўкавышчыны таго часу, школу езуітаў, вучылішча місіянераў, убачыць старадаўнія пісьмовыя прылады: прасліца, дошчачкі і пісала. Раздзел “Адукацыя ў Ваўкавыскім павеце 1795 — пачатку ХХ ст.” знаёміць з рэформай адукацыі ў Ваўкавыскім павеце, са школамі і зменамі ў іх часоў Расійскай імперыі. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены школьныя прадметы (падручнікі, грыфельная дошка) даўнейшай пары, дакументы (пасведчанне аб заканчэнні Ваўкавыскага павятовага вучылішча 1885 г., пасведчанне аб заканчэнні Мсцібаўскага народнага вучылішча за 1897 г.). Прэзентавана знакамітая гімназія ў Свіслачы, у якой, дарэчы, вучыўся Кастусь Каліноўскі. Якой была школа ў пачатку ХХ стагоддзя, раскажа трэці раздзел “Адукацыя ў Ваўкавыскім павеце 1921—1939 гг.”.

З жорсткім, бязлітасным часам акупацыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны знаёміць раздзел “Тайнае навучанне”. Так, тайным навучаннем у Ваўкавыску было ахоплена каля 300 чалавек. На стэндзе — копіі пасведчанняў за 1942/1943 і 1943/1944 вучэбныя гады былой вучаніцы тайнага навучання Марыі Буцько. Усе пасведчанні выпісаны на польскай мове і падпісаны Багуславай Блышкавай.

Адраджэнню школ пасля вайны прысвечаны раздзел “Аднаўленне 1944—1950 гг.” Адной з асаблівасцей адукацыі першых пасляваенных гадоў было тое, што ў Ваўкавыску на той час працавала польская сярэдняя школа. На стэндзе можна ўбачыць пасведчанне аб выніках навучання з гэтай школы. У музеі ёсць класны журнал, які нібы пераносіць нас у школу першых пасляваенных гадоў. Акрамя гэтага, наведвальнікі могуць уявіць сябе школьнікамі савецкага перыяду, пасядзеўшы за партамі мінулага стагоддзя, паспрабаваўшы пісаць пяром з чарніліцы.

Значная частка экспанатаў музея прысвечана роднай школе. Зняты вучнямі-экскурсаводамі відэаролік “Школа ўчора і сёння” дае магчымасць даведацца пра мінулае і сучаснае нашай установы адукацыі не толькі падчас наведвання музея, але і віртуальна. Каманда экскурсаводаў з распрацоўкай экскурсіі “Наша школа ўчора і сёння” прымала ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе аднайменных экспазіцый, прысвечанаму Году навукі. Па выніках конкурсу нашы вучні-экскурсаводы занялі І месца ў намінацыі “Экспазіцыя” і ўзнагароджаны дыпломам упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама, а таксама адзначаны дыпломам Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.

Творчая група вучняў і настаўнікаў музея збірае і захоўвае інфармацыю аб выдатных выпускніках школ горада і раёна (кніга “Залаты россып”), а таксама аб заслужаных педагогах раёна (кніга “Педагагічны Алімп”). Музейная экспазіцыя фарміравалася па-рознаму. Кожны з экспанатаў мае сваю гісторыю. Напрыклад, школьнае пасведчанне Марыі Шаршун, выдадзенае 21 чэрвеня 1939 года, было знойдзена вучнямі падчас краязнаўчай экспедыцыі. Некаторыя экспанаты прыносілі настаўнікі, вучні, бацькі і іншыя супрацоўнікі школы.

Музей даўно стаў месцам для правядзення ўрокаў, краязнаўчых канферэнцый і конкурсаў, інтэлектуальных гульняў, квэстаў, завочных падарожжаў, сустрэч з мясцовымі паэтамі, ветэранамі вайны, працы і інш. Першымі слухачамі вершаванай экскурсіі сталі ўдзельнікі абласнога семінара “Асаблівасці кантрольна-ацэначнай дзейнасці па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Вучняў-экскурсаводаў непакоіла: ці спадабаецца экскурсія гасцям? Якія будуць водгукі? Але вершаваны дэбют быў паспяховы.

Інфармацыя пра дзейнасць музея ёсць і на сайце школы (старонка “Музей”). Тут змешчаны віртуальны музей “Адукацыі Ваўкавышчыны” і 3D-панарама музея, што асабліва актуальна сёння. Дзякуючы гэтаму шырокае кола жадаючых можа завочна пабываць у нашым музеі.

На базе музея працуе група вучняў-музеяведаў пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Віталя Аляксандравіча Лебядзевіча, якая вядзе навукова-даследчую дзейнасць. Так, Настасся Сталярчук, вучаніца 6 класа, выканала работу “Тайны нашего музея: весточки на Родину”. З ёй прымала ўдзел у XV адкрытым раённым конкурсе даследчых работ “Крокі ў навуку” і заняла III месца. Гэтая ж работа была ўзнагароджана дыпломам II ступені за ўдзел у XI навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук. Творчасць. Пазнанне”. Вучаніца Вольга Мандрык займаецца даследаваннем гісторыі школы па старонках раённай газеты “Наш час”.

Музей дзейнічае, ветліва сустракае наведвальнікаў, адным словам, жыве!

Таццяна ВАЙТОВІЧ,
настаўні
ца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы 4 Ваўкавыска