×

МЫ + лагер працы і адпачынку = лідары

07.09.2019 14:45,

Кожны год у перыяд летніх канікул ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе арганізоўваецца лагер працы і адпачынку.

Маніторынг мінулага года выявіў праблему станаўлення пазітыўных лідарскіх якасцей у падлеткаў. Таму на лета-2019 быў распрацаваны праект, які прадугледжваў спецыяльна- арганізаваную дзейнасць школы юнага лідара ва ўмовах лагера працы і адпачынку.

Дзейнасць школы юнага лідара была арганізавана паэтапна. На арганізацыйным этапе было праведзена першае пасяджэнне для будучых лідараў, дзе былі выбраны органы самакіравання, вывучаны схільнасці і пажаданні падлеткаў, разгледжана сістэма заахвочвання.

На працягу асноўнага этапу на канец кожнага працоўнага тыдня прахо­дзіла лідарская гадзіна з вынікам і параўнальнай ацэнкай розных бакоў дзейнасці кожнай асобы і яе ўкладу ў справу калектыву. Для выяўлення лідараў рознай пазіцыі і згуртаванасці калектыву педагог-псіхолаг і выхавальнікі праводзілі тэсціраванне, трэнінгі, дзелавыя і інтэлектуальныя гульні, спаборніцтвы, эрудыцыёны. Практыка паказала, што самай прымальнай формай пры вылучэнні лідараў была працоўная дзейнасць, а для выяўлення згуртаванасці калектыву — гульні-спаборніцтвы “Крыжыкі-нулікі”, “Электраланцужок”.

Працоўная дзейнасць і мерапрыемствы вольнага часу праводзіліся разам, але ацэньваліся індывідуальна. Рэйтынг асобаснага росту вызначаўся штодня і фіксаваўся на экране поспехаў у выглядзе матрыцы, дзе кожнаму ўдзельніку па выніках дня прысвойвалася званне лідара па колеравай гаме: чырвоны — лідар-арганізатар, аранжавы — лідар-рэкардсмен, жоўты — лідар-натхняльнік, зялёны — лідар-майстар.

Вопыт работы паказаў, што кожны вучань адсочваў не толькі свае паказчыкі, але і паказчыкі сваіх сяброў, якія набралі найбольшую колькасць “поспехаў” у пэўнай галіне лідарства і прэтэндуюць на адпаведнае званне. Такая сістэма стымулявання забяспечыла імкненне хлопцаў і дзяўчат да актыўнага ўдзелу ў розных відах дзейнасці.

На заключным этапе прайшло апошняе пасяджэнне школы юных лідараў з мэтай выяўлення самых актыўных удзельнікаў змены. Выніковы маніторынг паказаў, што арганізаваная рознабаковая дзейнасць дазволіла кожнай асобе пабыць у рознай пазіцыі лідара і атрымаць адпаведны лідарскі вопыт, але не кожны змог у канцы змены заслужыць званне лідара. З дзесяці нашых выхаванцаў толькі 6 набралі па 10 “поспехаў” пэўнага колеру і атрымалі адпаведнае званне: тры — лідар-майстар, адзін — лідар-арганізатар, адзін — лідар-натхняльнік і адзін — лідар-рэкардсмен. На ўрачыстым сходзе ім былі ўручаны медалі, а ўсім удзельнікам — памятныя прызы.

Самы галоўны вынік работы лагеры працы і адпачынку “Гаспадар” падвялі самі вучні, калі прапанавалі: “А давайце і на наступны год працягнем дзейнасць школы лідара ў перыяд лагернай змены”. 

Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
старшы выхавальнік лагера Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.