×

Мы любім музыку

21.08.2019 14:30,

Музыка выдатная, бязмежная і дзівосная. Багаты і паэтычны свет гукаў заўсёды прыцягваў людзей сваёй выразнасцю і прыгажосцю. Чым раней пазнаёміцца дзіця з музычнай культурай, тым танчэйшым і больш сучасным стане яго эстэтычнае ўспрыманне, тым пяшчотней і багацей стане яго душа.

У яслях-садзе № 10 Навагрудка прайшло мерапрыемства “Мы любім музыку”. У госці да дзяцей наведаўся Нязнайка, які папрасіў малых дапамагчы яму навучыцца спяваць, танцаваць і граць на музычных інструментах. Усе веды і ўменні, атрыманыя на музычных занятках, дзеці з задавальненнем дэманстравалі казачнаму герою. Яны расказалі, што музыку пішуць кампазітары, вызначалі характар знаёмых музычных п’ес, адгадвалі загадкі пра музычныя інструменты і гралі на іх, актыўна выконвалі знаёмыя песні пра дзіцячы сад і лета, танцавалі, гулялі.

Падчас “падарожжаў” у свет прыгожага дзеці атрымліваюць незабыўныя ўражанні і радасныя эмоцыі, а галоўнае — яны становяцца яшчэ крышачку больш шчаслівымі. А ў гэтым і заключаецца галоўная задача педагогаў.

Тамара КАПЛЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 10 Навагрудка.