×

Мы тое, што мы п’ём

10.02.2020 12:54,

Вучні сёмага класа Жупранскай сярэдняй школы сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага экалагічнага праекта “Здаровыя рэкі — здаровыя мы —здаровае мора”. Галоўная задача — даць сельскім жыхарам простыя парады па выкарыстанні водных аб’ектаў. Пытанні забеспячэння чыстай пітной вадой усё часцей выходзяць на парадак дня. Усё часцей узнікаюць перабоі з вадой у невялікіх вёсках і на хутарах.

Рэалізацыя праекта прадугледжвае чатыры этапы: стварэнне сімвала ракі Нёман з прытокамі; выяўленне вытокаў рэк і інвентарызацыя водных аб’ектаў у ваколіцах установы адукацыі (па заданні Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў); праверка якасці вады ў калодзежах і крыніцах з дапамогай тэст-палосак для вызначэння нітратаў; даследаванне мікрапластыку ў рэках і азёрах у ваколіцах Жупран.

Здаўна вада ў нашых калодзежах была крышталёва чыстай, сцюдзёнай, а ў многіх месцах нават гаючай. У нашы дні большасць калодзежаў забруджаны нітратамі. Утрыманне нітратаў у пітной вадзе не павінна перавышаць 45 мг на літр, аднак лепш, каб іх там зусім не было. З 20 даследаваных калодзежаў у аграгарадку Жупраны, толькі тры адпавядаюць нормам. Валерыя, Раман і Максім адправіліся ў вёску Лусцішкі даследаваць калодзежы. І вось вынік: вада ў калодзежах чыстая, утрыманне нітратаў у некаторых калодзежах прыраўноўваецца да нуля. І яшчэ мы даведаліся, што ўзрост жыхароў перавышаў 90 гадоў, гаспадыня калодзежа з нулявым утрыманнем вады пражыла 99 гадоў. Летняе даследаванне паказала, што ў адным калодзежы ўтрыманне нітратаў павялічылася ў два разы, у 14 калодзежах — на ранейшым узроўні, а ў 15 калодзежах утрыманне нітратаў зменшылася ў два разы. Чыстая вада — моцнае здароўе!

Іна Кірдзік, Максім Мацкойць, Юрый Сяргей і Раман Шымановіч прафільтравалі 200 літраў вады ў рацэ Ашмянцы на ўтрыманне мікрапластыку праз фільтр 100 мікрон і 35 літраў праз фільтр 30 мікрон. Змесціва на фільтрах адправілі на даследаванне ў Рэспубліканскі экалагічны цэнтр. І вось вынік: у 35 літрах рачной вады — 131 адзінка мікрапластыку…

Максім Мацкойць разам з мамай Аленай, Арына Сухадольская з мамай Людмілай і Антон Буяк з мамай Ганнай прынялі ўдзел у вырабе рачной стужкі — сімвала водных прытокаў Нёмана, якія ўпадаюць ў Балтыйскае мора.

Хлопчыкі і дзяўчынкі працягваюць актыўна працаваць у пошуках крыніц. Сумесна з бацькамі вызначылі месцы закінутых крыніц, адбыліся гутаркі з доўгажыхарамі вёсак, якія ведаюць аб водных аб’ектах. Шмат у чым наш удзел у рэспубліканскім праекце стаў магчымы дзякуючы бацькам Яўгену Шымановічу, Івану Мацкойцю, Святлане Шымановіч і Таццяне Яфрэмавай за супрацоўніцтва. Яны знаходзяць час для правядзення пошукавай працы. Нашы дзеці, нягледзячы на юны ўзрост, — сапраўдныя эколагі, якія ўжо могуць даць парады па выкарыстанні водных аб’ектаў. 

Дарэчы, як высветлілі нашы навучэнцы, месца размяшчэння калодзежа павінна быць не забруджаным, не менш чым на 50 м па патоку грунтавых вод ад крыніц хімічнага або мікробнага забруджвання вады. Калодзеж не павінен размяшчацца ў месцах, якія падвяргаюцца глебавай дэфармацыі, забалочаных і тых, якія затапляюцца паводкавымі водамі, у месцах, бліжэй чым 30 м ад магістраляў з інтэнсіўным рухам транспартных сродкаў, паблізу хлявоў, туалетаў і выграбныя ям. Захаванне гэтых важных умоў дазволіць пазбегнуць забруджвання вады небяспечнымі нітратамі якія засяляюць і нашы вадаёмы. У крыніцах, рэках і азёрах яны з’яўляюцца з-за залішняй колькасці ўгнаенняў на гародах або палях паблізу прыбярэжнай паласы, фільтрацыі палёў у непасрэднай блізкасці ад водных крыніц. Прычыны нітратаў — адходы жывёлагадоўчых комплексаў побач з вадаёмамі або студнямі, звалкі бытавых адходаў паблізу крыніц, рэк і азёр.

Мы працягваем актыўна працаваць у прыродзе: узялі ўдзел у аўдыце смецця (ачысцілі месца адпачынку каля ракі Ашмянкі і лесапаркавую зону ў аграгарадку Кракаўка), правялі восеньскае даследаванне 29 калодзежаў, звязалі тры рачныя стужкі. Апошні наш візіт у вёску Лусцішкі вельмі ўразіў. У вёсцы, дзе вада ў студнях чыстая, утрыманне нітратаў ад 10 да 0, гаспадары зрабілі новыя дахі, трое пачысцілі студні, а яшчэ паблізу вёскі летам мы знайшлі закінутую крыніцу. Цяпер яна добраўпарадкавана. З’явіліся неабыякавыя людзі — і вада ў крыніцы стала запатрабаванай. 

Ад імя жыхароў вёскі Лусцішкі Ашмянскага раёна велізарныя словы падзякі ўсім, хто захоўвае і прымнажае прыроднае багацце. Хваля праекта захапіла не толькі вучняў Жупранскай школы і іх бацькоў, але і жыхароў аграгарадка Жупраны і вёскі Лусцішкі. У ходзе рэалізацыі праекта высветлілі, што людзі ў асноўным нават не задумваюцца пра якасць вады. Першыя даследаванні калодзежнай вады, інфармацыя аб нітратах раскрылі вочы жыхарам. Госці з Мінска звярнуліся ў дзяржаўныя службы аб дапамозе ачысткі вады. Праца працягваецца па знішчэнні выграбных ям, прыбралі летнія душы каля калодзежаў. 

Юныя эколагі атрымалі дыплом ІІ ступені і спонсарскую дапамогу, чамаданчык з тэст-наборам для вызначэння біягенаў (нітраты, нітрыты, фасфаты), кіслотнасць. Са студзеня 2020 года 13 школ Ашмянскага раёна пацвердзілі статус удзелу ў рамках міжнароднага праекта.

 Нам было вельмі прыемна, што і мы ўнеслі сваю часцінку дабра. Словы падзякі адрасуюцца Наталлі Іванаўне Парэчынай, спецыялістцы па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі, і камандзе спецыялістаў Цэнтра экалагічных рашэнняў за праект, за рэальныя дзеянні, за захаваную прыроду для цяперашніх і будучых пакаленняў.

Вядомае выказванне гучыць так: “Мы тое, што мы ядзім”. Аднак аналіз прычын забруджвання вады паказвае: “Мы тое, што мы п’ём”.

Людміла ЮХНЕВІЧ,
настаўніца хіміі і біялогіі Жупранскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна.