×

Мы за здаровы лад жыцця!

08.02.2020 16:29,

Шосты школьны дзень 8 лютага ў Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна прайшоў пад дэвізам “Дзень здароўя”. Права адкрыць свята прапанавалі пераможцам абласнога першынства па лёгкай атлетыцы Алёне Марушка і Аляксандру Скрыпка, вучням 9 класа. Сцяг Рэспублікі Беларусь і Навагрудка сярод вучняў пачатковай школы падымалі самыя актыўныя ўдзельнікі 6-га школьнага дня: Дар’я Жарко, Адэліна Беўз, Вікторыя Бахар, Эвеліна Куцко.

Вучні 1—4 класаў паказалі фізічную падрыхтаванасць у рухомых гульнях “Зімовы настрой”. Гулялі ў памяшканні, затым — на вуліцы, бо з’явіўся доўгачаканы снег! На вуліцы  — смех, шум і весялосць. Усе былі шчаслівыя. А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей — найлепшая ўзнагарода для педагогаў.

Для вучняў 6—10 класаў адбылася спартландыя “Ода спорту і здароўю”. Спаборнічалі каманды “Дружба” і “Пазітыў”. Конкурсы і эстафеты былі самыя разнастайныя: “Кенгуру”, “Ігольчатае вушка”, “Снайпер”, “Бег па лесвіцы” і іншыя. Перамагла каманда “Дружба”.

У дзень юнага героя-антыфашыста дзеці арганізавалі гульню ў піянербол, а таксама прынялі актыўны ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага фестывалю груп падтрымкі “Агеньчык запрашае сяброў”. А ўвечары адбыўся турнір па валейболе, у якім удзельнічалі не толькі нашы вучні, але і выпускнікі школы.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.