×

На цябе, наша моладзь, надзея

02.09.2019 11:20,

Менавіта пад гэтым дэвізам 1 верасня ў восьмых класах Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна быў праведзены першы ўрок на тэму “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”.

Першы ўрок праходзіў каля мемарыяльнага комплексу “Журботная маці”, які прысвечаны жыхарам аграгарадка Верцялішкі, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Ён усталяваны ў 1983 годзе на магіле 91 воіна, загінуўшага ў ліпені 1944 года ў баях пры вызваленні Верцялішак і навакольных вёсак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Комплекс складаецца са скульптуры жанчыны, якая ўвасабляе Радзіму-Маці, і сцяны з гарэльефнымі выявамі баявых эпізодаў.

Падчас урока ў сваіх паведамленнях вучні расказалі аб асноўных дасягненнях Рэспублікі Беларусь у сферы спорту, прамысловасці, культуры, медыцыны, навукі, а таксама прыгадалі шлях дзяржавы да суверэнітэту і незалежнасці. Вучні адзначылі, што сёння галоўнымі прыярытэтамі развіцця беларускай дзяржавы з’яўляюцца дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка і нацыянальная бяспека.

Ларыса ХОМБАК,
Яўгенія ГУДАЧ,
класныя кіраўнікі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.