×

На летнія канікулы — з запасам ведаў

12.06.2019 11:56,

Летнія канікулы час забаў і адпачынку. Хочацца, каб летам нашы вучні былі падрыхтаваны і ўпэўнена маглі дзейнічаць у час небяспечных сітуацый на вадзе, на пажары, у лесе, у час дарожнага руху і г. д. Працягам прафілактычнай работы па правілах бяспечных паводзін у Князеўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна (класных гадзін, хвілінак бяспекі, прагляду відэаматэрыялаў, азнаямлення бацькоў і вучняў, сустрэч з прадстаўнікамі раённых служб МНС, ДАІ, ратавання на вадзе) стала наведванне Цэнтра бяспекі МНС у Лідзе вучнямі 3, 5 і 6 класаў нашай школы.

Гасцінна сустрэў нас супрацоўнік вядомай на ўсю Беларусь установы лейтэнант Дзмітрый Мельнічэнка, які і правёў практычныя заняткі. Першым пунктам стала знаёмства з пляцоўкай па правілах дарожнага руху, якая ўяўляе сабой сучасны горад. Дзецям неабходна было адказаць на пытанні па тэме, знайсці парушальнікаў правіл і патлумачыць, чаму так нельга рабіць. Уразіла багацце абсталявання і афармленне пакоя, колькасць знакаў і макетаў.

Праз пятнаццаць хвілін мы апынуліся на гарадскім пляжы. Тут нашым выхаванцам трэба было выратаваць чалавека, які тоне, выбраць правільны адказ у тэсце па правілах паводзін на вадзе. Давялося падумаць. А вось мы ўжо ў лесе. Прыселі на зручныя пянькі-крэслы і глядзім мультыплікацыйны фільм пра наведвальнікаў лесу, даём каментарыі правільнасці іх учынкаў, аналізуем і запамінаем правілы паводзін у лесе. Праз колькі хвілін вучні пасля падрабязнага інструктажу аказваюць першую дапамогу чалавеку, які папярхнуўся і моцна закашляўся. Справіліся ўсе. Затым нас чакаў пакой, дзе мы сустрэліся з усімі электра- і газапрыборамі, даведаліся, як не дапусціць небяспечнай сітуацыі ці як справіцца з ёю. А побач завіталі ў пакой з асобнымі кабінкамі, дзе вучні павінны былі пазваніць у службу выратавання і далажыць аб пэўным здарэнні. З хваляваннем дзеці якасна спраўляліся з заданнем.

Самым адказным выпрабаваннем стала арыентаванне ў задымленым памяшканні, дзе патрэбна было знайсці выйсце з пакоя, не згубіць сябра і не страціць прытомнасць. І зноў выдатна, эмоцый — шквал! На развітанне школьнікі павінны былі даказаць, што на працягу ўсіх практычных заняткаў слухалі ўважліва: неабходна было здаць заліковы тэст. Кожны каля свайго камп’ютара. За працу! Вынік — 5 з 5. Цудоўна! З новымі ведамі і ўражаннямі працягваем экскурсію.

Наступны прыпынак — Лідскі замак. Незвычайная архітэктура, моцныя сцены, байніцы, драўляны вялікі мост, карабель пад мачтай, лукі і арбалеты — усё гэта дзеці ўбачылі на свае вочы.

Завіталі мы і ў касцёл Святой Сям’і ў Лідзе. Дзеці заўважылі своеасаблівасць пабудовы ў параўнанні з замкам, адзначылі ўрачыстасць і велічнасць храма.

Дарога дамоў аказалася багатая на ўспаміны і ўражанні. Вучні вярталіся задаволеныя і фізічна, і духоўна. А самае галоўнае — яны набылі новыя веды і адпрацавалі практычныя навыкі і ўменні.

Антаніна СКУБА,
класны кіраўнік 5 класа,
Людміла ЛУДЗІЧ,
класны кіраўнік 3 класа Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.