×

На сувязі – лагер “Ольса”

04.09.2019 15:10,

У Беларусі практычна ў кожным раёне ёсць загарадны лагер, а ў некаторых і не адзін. У такой разнастайнасці складана выбраць той, які б адпавядаў патрабаванням не толькі бацькоў, але і дзяцей. Прыярытэтнымі, вядома ж, будуць лагеры, якія знаходзяцца ў вашым раёне і бліжэй да дому. Некаторыя бацькі вязуць сваіх дзяцей у тыя, дзе адпачывалі самі ў свае школьныя гады. Мне хочацца расказаць пра лагер “Ольса” ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, які па выніках 2018 гада стаў лепшым загарадным лагерам у краіне.

Кожная змена летніка з’яўляецца тэматычнай. Так, з мэтай выхавання пачуцця грамадзянскасці і патрыятычнасці ў вучняў, адна са змен 2019 года была прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і насіла назву “Па вехах часоў”. Падчас яе дзеці разам з важатымі акунуліся ў гісторыю сваіх продкаў, успаміналі подзвігі дзядоў і бабуль, якія аддалі жыццё за мірнае неба над нашай галавой і магчымасць жыць у свабоднай і незалежнай краіне. Дзеці з важатымі выконвалі ваенныя песні, ставілі да іх танцы і здымалі тэматычныя відэаролікі. Нават назвы атрадаў, такія як “Салдацікі”, “Т-24”, “Нашчадкі перамогі”, “Захавальнікі неацэннага”, сведчылі пра глыбокую накіраванасць выхаваўчай работы.

Адкрыццё лагернай змены лічыцца момантам, калі пачынае “бурліць жыццё”. Шмат ваенных песень прагучала на адкрыцці, у тым ліку такія знакамітыя, як “Темная ночь”, “Катюша”, “Идет солдат по городу” і іншыя.

Конкурсная праграма “Сам сабе рэжысёр, або Старыя фільмы пра галоўнае” стала пачаткам барацьбы атрадаў за званне лепшага. У гэтым конкурсе неабходна было зняць невялікі відэаролік на савецкую тэматыку. Атрады зрабілі рэмейкі такіх фільмаў, як ”Девчата”, “Любовь и галуби”, “Каникулы строгого режима”. Самым запамінальным стаў сацыяльны ролік пра блакаду Ленінграда.

Конкурсная праграма “Салодкая парачка” лічыцца самым рамантычным конкурсам, у якім прысутнічаюць павольныя і пачуццёвыя танцы, песні пра каханне і рамантычныя гісторыі знаёмстваў.

“Кліпаманія” — конкурс, які ўключае ў сябе інсцэніраваную песню і рэкламу. Атрады выбралі такія знакамітыя творы, як “Три танкиста”, “Журавли” і “В землянке”.

У “важацкі вечар” паміж важатымі і дзецьмі ў зале адбываецца дыялог з песнямі, танцамі, сцэнкамі, гульнямі, відэаролікамі, якія дапамагаюць усім лепш зразумець адно аднаго.

Кожныя аўторак і чацвер у лагеры праводзіцца паказ кінафільмаў альбо мультфільмаў. У асноўным яны былі ваенныя, напрыклад, “Битва за Севастополь”, “Спасти Ленинград”, “Они сражались за родину”, “А зори здесь тихие ...” і інш.

Закрыццё змены адначасова і сумная, і радасная падзея для ўсіх. У гэты вечар падводзяцца вынікі, паказваюцца самыя яркія і запамінальныя нумары.

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Ольса” — магчымасць для любога дзіцяці адпачыць, аздаравіцца, прыемна правесці час, сустрэць новых сяброў і стаць самастойным і адказным чалавекам. Лагер заўсёды рады новым дзецям і з нецярплівасцю чакае іх кожнае лета!

Вольга КУЗЬМЯНКОВА,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Ольса”.