×

На турзлёт з пазітывам!

08.06.2019 12:25,

Вядома, што турыст ведае і ўмее многае. Напрыклад, раскласці агонь з дапамогай адной запалкі, збудаваць сховішча з падручнага матэрыялу, пераадолець балота, без компаса вызначыць бакі гарызонту і многае іншае. Невыпадкова турызмам захапляюцца многія хлопчыкі і дзяўчынкі, бо гэта вельмі цікавы і карысны для здароўя занятак. Па вялікім жа рахунку турыстычная навука патрэбна для жыцця. Спасцігаючы яе, школьнікі кожны год сур’ёзна рыхтуюцца да раённага турзлёту, на якім вызначаюць, хто на дадзены момант лепш авалодаў такой навукай.

31 мая на Навагрудчыне праходзіў раённы турзлёт вучняў базавых і сярэдніх устаноў адукацыі раёна. Ён ладзіўся ў маляўнічым месцы Навагрудчыны — на беразе чароўнага і загадкавага возера Літоўка. Каманда “Юныя турысты” з Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы з задавальненнем прыняла ўдзел у турыстычным злёце. У гэтым годзе дадзенае мерапрыемства было прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як заўсёды турзлёт распачаўся пастраеннем каманд і ўрачыстым адкрыццём. Затым юных турыстаў чакала праходжанне паласы перашкод, конкурс турыстычных газет і творчае прадстаўленне каманды. З усімі заданнямі спаборніцтва хлопцы і дзяўчаты з Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы справіліся без асаблівых цяжкасцей. Таксама ў гэты дзень юныя турысты сталі ўдзельнікамі тактыка-выратавальных вучэнняў, праведзеных супрацоўнікамі Навагрудскага РАНС.

Удзельнікі каманды “Юныя турысты” Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы не толькі прыемна, але з карысцю правялі час на прыродзе. Прыгажосць ляснога возера, чыстае паветра натхняла вучняў, напаўняла іх энергіяй і аптымізмам. Ужо не першы раз юныя ўдзельнікі турзлёту дэманструюць свае турыстычныя навыкі, спрыт і добрую фізічную падрыхтоўку, творчы патэнцыял, веданне гісторыі свайго краю, а таксама ад душы могуць паласавацца зваранымі на вогнішчы смачнай юшкай і кашай, а таксама духмянай гарбатай з дымком. Сёлета вучнямі Вераб’евіцкай базавай школы ўпісана чарговая старонка ў гісторыю турыстычных злётаў Навагрудчыны, прысвечаная вельмі важнай для беларускага народа па­дзеі — 75-й гадавіне вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.