×

Наша пятая працоўная чвэрць

07.08.2019 11:48,

У час летніх канікул з мэтай арганізацыі часовай працоўнай занятасці дзяцей у нашай школе дзейнічае працоўная брыгада. Для дваццаці хлопчыкаў і дзяўчынак створаны дадатковыя рабочыя месцы, а самі дзеці прыняты падсобнымі рабочымі па першаму тарыфнаму разраду.



Тут ўсё так, як у дарослых: у пэўны час пачынаецца рабочы дзень, ёсць перапынак на абед, спазняцца на работу нельга. Самае галоўнае — дзеці атрымалі працоўныя кніжкі, а гэта значыць, што пачаўся іх працоўны стаж.



Хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, бягучым рамонце будынка ўстановы, шмат спраў і ў школьнай бібліятэцы: падклеіць кнігі, сшыць газеты, зрабіць прэзентацыі. Усе працуюць з вялікай ахвотай, бо ведаюць, што іх работа будзе аплачана за фактычна адпрацаваны час у адпаведнасці з заканадаўствам і існуючай сістэмай аплаты працы. Рукамі дзяцей створана чысціня, утульнасць, прыгажосць у класных пакоях, актавай зале, на дзіцячых пляцоўках. Пад кіраўніцтвам дарослых хлопчыкі працуюць на будаўніцтве навеса для малодшых класаў, тым самым набываюць неабходныя навыкі будаўніка. З вялікай радасцю дзяўчынкі даглядаюць кветкі, ствараюць прыгожыя кампазіцыі, спрабуюць сябе ў ролі ландшафтнага дызайнера.



У нашым невялікім працоўным калектыве пануе атмасфера дабрыні, спагадлівасці, цярплівасці, калі ў некага штосьці не атрымліваецца, сябар прыйдзе на дапамогу. Дзеці вельмі рады, што пасля заканчэння навучальнага года яны разам. Наша пятая працоўная чвэрць дазваляе не толькі заняцца карыснай справай, але і ўмацоўвае сяброўскія ўзаемаадносіны. Так хочацца, каб яна доўжылася бясконца!

Марына СЯВЕЦ,
кіраўнік працоўнай брыгады Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.