×

Нашым дзецям

09.01.2020 15:04,

10 студзеня завяршылася дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая на працягу месяца аб’ядноўвала неабыякавых і дапамагла падарыць свята і навагодні настрой кожнаму дзіцяці. 

Вучні, настаўнікі, бацькі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна прынялі актыўны ўдзел у акцыі. На працягу тыдня працавала “Навагодняя пошта” (усе жадаючыя маглі падпісаць паштоўку сябрам і калегам), “Дзень прадказанняў” (і настаўнікі, і вучні атрымалі навагодняе прадказанне ад Дзеда Мароза і Снягурачкі) і “Дні навагодніх ранішнікаў”. Малышы з задавальненнем вадзілі карагоды каля ёлкі, прымалі ўдзел у конкурсах, расказвалі вершы Дзеду Марозу і атрымлівалі смачныя і салодкія падарункі. Ніводнае дзіця не засталося без увагі! А старшакласнікі адправіліся ў навагодняе падарожжа па краінах свету. Дзякуючы акцёрам з 10 класа, дзеці пабывалі ў Грузіі, Фінляндыі, ЗША, краінах Афрыкі, Польшчы, Індыі, Беларусі і сабралі захавальнікаў Новага года. Было весела і цікава.

У школе па выніках паўгоддзя дыпломамі і падарункамі былі адзначаны самыя таленавітыя і актыўныя вучні. 

Асаблівую ўвагу ўдзялялі дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям-інвалідам і дзецям-сіротам у рамках акцый “Падары ўсмешку дзецям”, “Цуды на Каляды”. Не засталіся без увагі нашы пажылыя людзі, ветэраны вайны і працы, для якіх былі арганізаваны мерапрыемствы ў рамках акцыі “Ад сэрца да сэрца”. 

Ужо другі год наша школа супрацоўнічае з сацыяльна-дабрачыннай установай “Цэнтр ПАРА”, якая дапамагае анкахворым дзецям. У гэтым годзе ў рамках акцыі “Добры снегавічок” для такіх дзетак былі сабраны салодкія сюрпрызы.

У акцыі “Нашы дзеці” прынялі ўдзел больш за 200 вучняў, бацькоў, настаўнікаў школы. Яны сабралі больш як 200 падарункаў і сувеніраў, каб вера ў цуд і дабро не пакідала НАШЫХ ДЗЯЦЕЙ на працягу ўсяго года.

Юлія КЕЛЬНІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.