×

Настаўніку прысвячаецца...

08.10.2019 15:08,

Святочная праграма з нагоды прафесійнага свята Дня настаўніка адбылася ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні.

Традыцыйнае віншаванне прагучала ад дырэктара Аляксандра Джумкова. Адзначыўшы вялікую ролю педагога ў жыцці чалавека, ён пажадаў кожнаму настаўніку выгадаваць такога вучня, які зможа перасягнуць яго самога.

Не абышлося на свяце без уручэння ўзнагарод, кветак і падарункаў. Раённыя і школьныя граматы за развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў і за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы адукацыі атрымалі настаўнік працоўнага навучання Юрый Шчасны, настаўніца фізікі Рыта Паўлоўская, настаўнікі фізічнай культуры Аляксандр Міхневіч і Васіль Харкевіч, галоўны бухгалтар школы Аксана Савасцей і выпускніца школы, сакратар Карына Шэнцерава.

Старшыня прафсаюзнага камітэта школы Вольга Васілеўская пажадала калегам увасаблення ў жыццё ўсіх самых смелых задумак і павіншавала з мінулым юбілеем настаўніцу пачатковых класаў Вольгу Маляўскую і настаўніцу працоўнага навучання Алену Ярмоліч і ўручыла ім кветкі і салодкія падарункі.

Лацінаамерыканскія і ўсходнія танцы, батлы, флэшмобы, гімнастычныя практыкаванні, ігра на скрыпцы, песні, вершы — усё гэта забяспечыла мерапрыемству святочную атмасферу. А кожны педагог, які прысутнічаў у зале, яшчэ раз пераканаўся ў тым, што настаўнік — гэта пакліканне.


Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.