×

Настрой — цудоўны!

22.08.2019 14:54,

Лета, мора, сонца, пляж… Такія варыянты адпачынку за мяжой прапаноўваюць турыстычныя фірмы. Усё гэта цудоўна, але актыўны адпачынак пад дэвізам “Зрабі лета ярчэй!” можа быць і ў сценах роднай школы, дзе ўсё люба і знаёма.

Такі адпачынак — рэальная магчымасць для непаўналетніх атрымаць карысны вопыт і выдатна адпачыць, зарабіць грошы. Вось і ў Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна гасцінна расчыніла дзверы выхаваўча-аздараўленчая ўстанова “Лагер працы і адпачынку “К.Р.У.Т.О.”. 16 падлеткаў ва ўзросце 14—16 гадоў сталі адной дружнай сям’ёй на 18 дзён. Хлопцы і дзяўчаты якасна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы. Яны ўдала спалучаюць адпачынак з працай на калгасных палетках ЗАТ “Гудзевічы”. Кожны дзень насычаны цікавымі, захапляльнымі мерапрыемствамі і падзеямі і мае свой дэвіз, сваю назву і тэматыку.

Ідэя змены заключаецца ў пераўвасабленні ўдзельнікаў праекта ў пасажыраў экспрэс-цягніка, якія ажыццяўляюць рух па вызначаным маршруце. У ходзе падарожжа дзеці робяць прыпынак на станцыях “Вясёлы серпантын”, “Працоўная”, “Музычная”, “Спартыўная”, “Экалагічная”, “Бяспечная”, “Прыгожая”, “Бізнес-станцыя”, “Дружба”. На кожнай са станцый пасажыраў чакаюць розныя адкрыцці, знаёмствы, выпрабаванні. А суправаджаюць пасажыраў падчас падарожжа праваднікі-выхавальнікі. Так, пры правядзенні аўкцыёну ведаў “Гісторыя роднага краю” гучалі цікавыя факты: нашу мясцовасць у пачатку ІІ тысячагоддзя н.э. засялялі яцвягі; у час Айчыннай вайны 1812 года каля Гудзевіч адбыўся бой казакоў Платава з перадавымі атрадамі Жэрома Банапарта; пра Гудзевічы, Гудзевіцкую царкву расказваецца ў грамаце, датаванай 4 ліпеня 1539 года, арыгінал якой знаходзіцца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, а фотакопія ёсць у Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі. Таксама яны наладзілі “Вечар акцёрскага майстэрства” і прадэманстравалі свае здольнасці.

Канфуцый сказаў: “Выберы сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”. Гэтаму выказванню каля 2,5 тысяч гадоў, а ў час марафону “Вясёлка прафесій” дзеці даказалі, што і сёння яно не губляе сваёй актуальнасці. Падлеткі пазнаёміліся са статыстычнымі звесткамі аб распаўсюджванні шкодных звычак у вобласці і раёне, з прафілактычнымі мерамі, якія прымаюцца ўладамі і медустановамі. Лейтматывам сітуацыйна-прававога практыкума “Падлеткі і наркотыкі”стала сцвярджэнне, наколькі важна кожнаму чалавеку, асабліва моладзі, беражліва ставіцца да свайго здароўя. Вельмі кранулі звесткі пра жыццё “зорак”, якія былі звязаны з наркотыкамі.

Напрыканцы выхавальнікі зрабілі агляд кніжнай выставы “Не будзь залежны — скажы “Не!” Вельмі цікавымі былі экскурсія ў Гудзевіцкую бібліятэку — цэнтр нацыянальнай культуры, экскурсія на сумесную выставу лекавых траў Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лёс і чалавек” і Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, віртуальнае падарожжа па НДЦ “Зубраня”, аўкцыён кампліментаў і пажаданняў, аперацыя “Помнік распавядае…” і інш. Самымі актыўнымі пры правядзенні мерапрыемстваў былі Ангеліна Эйсмант, Вольга Пракаповіч, Уладзімір Папко, Дзіяна Даўгаполік, Вадзім Станілка, Карына Цыдзік, Аляксей Паноў, Алеся Мазаль, Дар’я Ялоўчык. У канцы дня выхаванцы падводзяць вынікі, дзе ў Атрадным крузе кожнаму прысвойваюцца “поспехі” па каляровай гаме: чырвоны — “лідар-арганізатар”, сіні — “лідар-натхняльнік”, зялёны — “актыўны ўдзельнік”.

18 насычаных дзён у лагеры працы і адпачынку праляцяць непрыкметна. Доўга яшчэ будуць помніцца вучням працоўныя дэсанты “Рукі дапамогі”, конкурсы, віртуальныя падарожжы, сітуацыйна-прававыя практыкумы, забаўляльныя хвілінкі. За гэты час падлеткі стануць адной дружнай сям’ёй. Кожны дзень на “Экране настрою” адзначаюць свой эмацыянальны стан, і заўсёды ў іх НАСТРОЙ ЦУДОЎНЫ!!! На жаль, гатовага рэцэпту “звонкага лета” не існуе. Але мы ўпэўнены, што ўзаемаразуменне, добры настрой — вось, што дае поспех у рашэнні гэтай задачы. Выхавальнікі робяць усё неабходнае для таго, каб кожны дзень быў для выхаванцаў запамінальным.

Ніна СЛАВУТА,
намеснік дырэктара лагера працы і адпачынку “К.Р.У.Т.О.” Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.