×

Навагоднія пажаданні з Пятрэвіч

08.01.2020 11:57,

Акунуцца ў атмасферу дзяцінства і Новага года можна на выставе-прэзентацыі навагодніх ёлачных цацак і навагодніх віншавальных паштовак у бібліятэцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Прэс-цэнтр школьнай бібліятэкі запрасіў прыняць удзел у выставе праз школьны сайт, групы ў сацыяльных сетках вучняў, настаўнікаў, бацькоў, а таксама ўсіх зацікаўленых. І дзеці, і дарослыя пачалі прыносіць экспанаты: навагоднія паштоўкі з цёплымі пажаданнямі з 70, 80, 90-х. Ёлачныя гірлянды, сняжынкі… Закружылі карагод дзяды марозы і снягуркі… Вядома, бібліятэчны дамавік Кузя не адмаўляўся і ад цацак, і паштовак, зробленых сваімі рукамі. Дзеткі адправілі свае лісты, віншавальныя паштоўкі, вырабы ў Белавежскую пушчу да Дзядулі Мароза і яго ўнучкі Снягуркі.

У рамках акцыі “Бяспечны Новы год” юнкары аформілі “Навагодні куток бяспекі” ў бібліятэчным прэс-цэнтры. Як правільна ўсталяваць ёлку і як нельга яе ўпрыгожваць? Якія электрычныя гірлянды бяспечныя? Якія правілы карыстання піратэхнічнымі вырабамі? На ўсе гэтыя пытанні знойдуць адказ нашы чытачы.

Наталля ЮШКЕВІЧ,
бібліятэкар Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна сумесна з юнкарамі прэс-цэнтра.
Фота аўтараў.