×

Незабыўная сустрэча

12.08.2019 15:50,

Лета час новых уражанняў і новых сяброў. Новых сяброў набылі і выхаванцы аздараўленчага лагера Шукальнікі прыгод на базе Бакштаўскага дзіцячага сада сярэдняй школы Іўеўскага раёна.

8 жніўня з сяброўскім візітам у лагер прыехалі дзеці з лагера “Патрыёт” Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы нашага раёна. Госці наведалі школьны краязнаўчы музей “Спадчына”, дзе пазнаёміліся з гісторыяй вёскі Бакшты, падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з бытам сялян.

Затым дзеці ўдзельнічалі ў спартыўна-гульнявой праграме “Разам мы — сіла!”, падзяліўшыся на тры каманды: “Чорная пантэра”, “Тытаны” і “Леапарды”. У конкурсах “Кенгуру”, “Пінгвіны”, “Яечня”, “Счэпка вагонаў” і іншых дзеці паказалі свае спрыт, хуткасць, сілу і кемлівасць. Ад конкурсу да конкурсу жаданне перамагчы толькі нарастала. Усе дзеці атрымалі зарад бадзёрасці, шмат добрых уражанняў, а таксама дыпломы і салодкі прыз.

Час праляцеў хутка. Дзеці засмуціліся, што прыйшоў час раставання. Яны дзякавалі выхавальнікам за тое, што арганізавалі такую незабыўную сустрэчу.

Святлана ЧАКАВАЯ,
дырэктар лагера Шукальнікі прыгод” Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.