×

Незвычайны адпачынак: шукаем залацінкі народнай творчасці

10.08.2019 14:56,

Сярэдняя школа № 32 Гродна адрозніваецца ад іншых школ абласнога цэнтра тым, што ў ёй ёсць беларускамоўныя класы. А 10 “А” клас вывучае беларускую мову на павышаным узроўні. Таму і летні адпачынак вырашылі арганізаваць незвычайна: даведацца пра мінулае нашай Гродзеншчыны, адшукаць павер’і, легенды, паданні, пачуць гучанне роднага слова ў штодзённым жыцці.

Разам са студэнтамі філалагічнага факультэта аддзялення беларускай фі­лалогіі Гродзен­скага дзяржаўнага ўніверсітэта iмя Янкi Купалы, з якім наша школа супрацоўнічае ўжо больш за 10 гадоў, вучні 10 “А” класа сталі збіральнікамі россыпу залацінак народнай творчасці, бо ўпэўнены, што з каранёў мінуўшчыны складаюцца прыступкі будучыні.

У маляўнічым куточку Воранаўшчыны, дзе побач жывуць мінулае і сучаснае, у вёсцы Канвелішкі, размясціўся лагер “Канвалія”, які сабраў разам вучняў мясцовай школы, студэнтаў-філолагаў і вучняў 10 класа сярэдняй школы № 32  Гродна.

Колькі ўсяго новага і цікавага раскрылі вучні за гэты час! Пабывалі ў навакольных вёсках — Жырмунах, Бастунах, Тракелях, пачулі жывое роднае слова ад мясцовага насельніцтва, напеўнасць народных песень, чароўнасць легенд і паданняў. Дарэчы, воранаўская зямля вельмі багатая на іх.

А колькі цікавых сумесных мерапрыемстваў было праведзена падчас знаходжання ў лагеры!

На школьнай сцэне ў выкананні вучняў ажыла гісторыя кахання Адама Міцкевіча, пра якую даведаліся з экскурсіі ў вёску Гайцюнішкі.

Безумоўна, на ўсё жыццё запомніцца свята Купалле, якое падрыхтавалі самі вучні. Вогнішча, карагод з песняй “Купалінка”, гульні, пошукі папа­раць-кветкі зрабілі гэтую ноч сапраўды чароўнай. Для ўсіх гарадскіх вучняў такое свята было ўпершыню.

Знаёмст­ву вучняў з гісторыяй вёскі Канвелішкі дапамог квест. Па прапанаваных заданнях неабходна было знайсці цікавыя старонкі жыцця вёскі.

Кульмінацыяй адпачынку ў лагеры стаў апошні дзень — “Пасвячэнне ў фалькларысты”. У жартоўнай форме вучні нашай школы павінны былі пераадольваць шэраг выпрабаванняў, даць клятву-абяцанне, каб атрымаць званне фалькларыста. І загучалі прыпеўкі як від фальклору, складзеныя самімі вучнямі:

Як мы ехалі сюды,

вельмі хваляваліся.

Нас так добра тут сустрэлі,

мы й не спадзяваліся.

Вёска гэта — нібы цуд,

край такі прыветны,

Ён гісторыяй багаты

і людзьмі адметны…

Час праляцеў вельмі хутка. Дзесяцікласнікі не толькі адпачылі, але і папоўнілі свае веды пра Радзіму, пра багатую народную творчасць нашага краю, узбагацілі сваю мову мілагучным родным словам, адчулі цеплыню сэрцаў мясцовых жыхароў. Нездарма ў час развітання ўсе хавалі няпрошаную слязу.

 Гэты адпачынак вучні назвалі так: “найлепшыя 9 дзён жыцця”.

Зоя БУШЭЙКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 10 “А” класа сярэдняй школы № 32 Гродна.