×

Незвычайныя захапленні звычайных настаўніц

15.03.2019 15:24,

Напярэдадні 8 Сакавіка ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка пануе святочны ўрачысты настрой. І не толькі таму, што ўсе вучні з нецярплівасцю чакаюць дня самакіравання, калі навучэнцы старэйшых класаў могуць паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў і на працягу дня весці ўрокі, выстаўляць адзнакі і выконваць абавязкі выхаваўчай службы школы, а яшчэ і таму, што творчыя і таленавітыя вучні і настаўнікі рыхтуюць святочны канцэрт, які надоўга зараджае пазітывам. Са школьнай сцэны гучаць цёплыя віншавальныя словы, льюцца песні, дэманструюцца жартоўныя сцэнкі-мініяцюры са школьнага жыцця.

Традыцыйна на працягу тыдня ў школе праходзяць выстаўкі, прымеркаваныя да Міжнароднага жаночанага дня. Але гэтым разам незвычайным было тое, што выстаўкі ладзілі не толькі навучэнцы, але і настаўнікі-жанчыны. Яны паказалі, што, акрамя захаплення сваёй прафесіяй, ёсць у іх яшчэ і іншыя любімыя заняткі.

У выстаўцы творчых работ “Педагагічны вернісаж” узялі ўдзел настаўніца геаграфіі Дзіяна Уладзіміраўна Шуляк, якая сабрала ўнікальную калекцыю лялек “Розныя жанчыны ходзяць па свеце...”. Калекцыя складаецца больш чым са 100 экспанатаў. Яе ўнікальнасць у тым, што ўсе лялькі апрануты ў нацыянальныя касцюмы. Дзіяна Уладзіміраўна таксама прадставіла калекцыю моднага адзення, якую звязала сама пруткамі і кручком.

Настаўніца фізікі і астраноміі Ларыса Валяр’янаўна Руль падзялілася экспанатамі аўтарскіх цацак-лялек, пашытых ёю з тканіны і нітак.

Жанна Здзіславаўна Пісарэнка прадставіла вышываныя сурвэткі і цікавыя сувеніры, якія нададуць утульнасць любому памяшканню.

Вязаныя вырабы гардэроба прадэманстравала Вольга Анатольеўна Крайняя, а настаўніца матэматыкі Галіна Уладзіміраўна Говар — цікавыя неардынарныя работы з лясных шышак.

Яркія рамантычныя карціны, выкананыя ў тэхніцы алоўка і акварэлі, прадэманстравала настаўніца біялогіі Ніна Аляксандраўна Мацко. Таксама прадставілі свае творчыя работы Алена Паўлаўна Капціловіч, Алена Мікалаеўна Кіклевіч і іншыя настаўнікі.

Работы педагогаў школы № 7 Навагрудка карысталіся павышанай цікавасцю з боку вучняў, калег і гасцей школы. Дзякуючы гэтай выстаўцы вобраз настаўніка стаў вучням яшчэ больш цёплы, блізкі і зразумелы. Школьнае свята, прымеркаванае да Міжнароднага жаночага дня, было насычанае, незвычайнае, цікавае, па-хатняму ўтульнае і запамінальнае.

Валянціна МАНЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Навагрудка.