×

Новая сацыяльная роля

08.10.2019 15:48,

Мае першакласнікі, як і многія іншыя, прыйшлі ў гімназію крыху спалоханыя, усхваляваныя. Бо не ведалі, што іх чакае наперадзе. Але большасць з іх паступілі ў школу падрыхтаваныя. Яны ўжо ўмелі чытаць, мелі элементарныя матэматычныя ўяўленні і з добра развітым кругаглядам. А гэта ўсё дзякуючы таму, што дзеці з кастрычніка 2018 года па май 2019 года наведвалі цэнтр развіцця дзіцяці “Зорачка”. Таму працаваць з імі лёгка і цікава.



Усе дзеці ўспрымаюць вучобу як новы, больш сур’ёзны від гульні, з новымі правіламі, абмежаваннямі і ўмовамі. Жаданне вучыцца ў іх ёсць. Каб развіваць гэтае жаданне, на ўроках ствараліся сітуацыі поспеху, сітуацыі, у якіх кожны вучань мог праявіць сябе, свае магчымасці, здольнасці і таленты, выкарыстоўвалася шмат наглядна-дэманстрацыйных матэрыялаў, прадметных і сюжэтных малюнкаў займальнага матэрыялу.

Назіранні, гутаркі з вучнямі і іх бацькамі паказалі, што да канца курса “Увядзенне ў школьнае жыццё” ўсе дзеці да працэсу навучання ставяцца станоўча, у школу ідуць ахвотна. А гэта сведчыць аб тым, што яны сталі сапраўднымі школьнікамі і аб гэтым можна аб’явіць усім зацікаўленым. Таму мы вырашылі, што ёсць падстава правесці сапраўднае свята і запрасіць бацькоў, бабуль і дзядуль, сястрычак і брацікаў і, вядома ж, адміністрацыю школы.

Свята “Пасвячэнне ў вучні” прайшло ў выглядзе вясёлага ўрока-гульні. Бо ў гульні навучэнцы здзяйсняюць новыя адкрыцці, перажываюць хвіліны натхнення, развіваюць уяўленне, фантазію, здольнасці, і такім чынам ствараецца глеба для фарміравання ініцыятыўнай, дапытлівай асобы.

Падчас свята мае вучні паказалі, чаму навучыліся за першыя дні вучобы ў школе. Мы працавалі з геаметрычнымі фігурамі, хадзілі ў краму па пакупкі (а разлічваліся ведамі!), дапамагалі пасажырам цягніка адправіцца ў патрэбным кірунку, засялялі домікі, лічылі, самі складалі і рашалі задачы, паказалі бацькам і гасцям свята, як умеем працаваць у парах, групах, складалі сказы па схемах, дзялілі словы на склады і прыдумвалі словы з вызначанай колькасцю складоў. А яшчэ з ахвотай і цікавасцю адказвалі на складаныя пытанні, спявалі і танцавалі. Падчас свята панавала атмасфера сяброўства, узаемадапамогі і цудоўны святочны настрой. А сапраўдныя пасведчанні і медалі “Вучанік”, “Вучаніца”, якія атрымалі мае маленькія падапечныя пры падвядзенні вынікаў урока-гульні, я ўпэўнена, будуць захоўвацца ў сямейных архівах як каштоўная рэліквія.

Лічу, што свята “Пасвячэнне ў вучні” дапамагае лепш адаптавацца да школы, дае вопыт пераадолення цяжкасцей і выпрабавання сябе, бо ў сціслай форме канцэнтруецца ўвага дзяцей на авалоданні новай сацыяльнай ролі — вучань.

Марыя ДЗЯМЕНЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы.