×

Новыя формы работы настаўніка-дэфектолага з бацькамі

15.05.2019 14:18,

Выніковасць карэкцыйнай дапамогі дзіцяці залежыць ад узаемадзеяння настаўніка-дэфектолага з педагогам-псіхолагам школы, настаўнікамі, выхавальнікамі, а таксама ад ступені зацікаўленасці і ўдзелу бацькоў у выпраўленні маўлення дзяцей.

Важная роля ў супрацоўніцтве настаўніка-дэфектолага з бацькамі адводзіцца замацаванню ведаў і ўменняў, атрыманых на карэкцыйных занятках, у дамашніх умовах. Выкананне такіх заданняў — гэта велізарная дапамога настаўніку-дэфектолагу. Дзеці, якія займаюцца дадаткова дома з бацькамі па заданнях настаўніка-дэфектолага, значна хутчэй і больш паспяхова ўводзяць у паўсядзённае маўленне не толькі пастаўленыя гукі, але і складаныя маўленчыя канструкцыі.

Не ўсе бацькі маюць магчымасць у рабочыя дні наведаць кансультацыйныя заняткі настаўніка-дэфектолага. Але пытанні па замацаванні навыкаў правільнага вымаўлення гукаў і развіцці маўлення з часам назапашваюцца. З мэтай аказання кансультацыйнай дапамогі бацькам у школе праводзяцца дні адкрытых дзвярэй у шосты школьны дзень. Настаўнік-дэфектолаг мае магчымасць прадэманстраваць бацькам прыёмы работы з дзіцем, адказаць на пытанні, якія ўзнікаюць у іх па развіцці маўлення дзяцей, а таксама праводзіць асветніцкую дзейнасць па пытаннях дэфекталогіі сярод педагогаў. Часта такія кансультацыі ў школе настаўнік-дэфектолаг праводзіць сумесна з педагогам-псіхолагам, што спрыяе аказанню комплекснай дапамогі.

Эфектыўная форма работы па ўзаемадзеянні настаўніка-дэфектолага і бацькоў і развіцці мовы вучняў — тыдзень дэфекталогіі. Удзельнічаюць настаўнік-дэфектолаг, выхавальнікі, педагог-псіхолаг, а таксама бацькі навучэнцаў, залічаных у пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Мерапрыемствы плануюцца ў адпаведнасці з моўнымі магчымасцямі і ўзроставымі асаблівасцямі навучэнцаў.

Адкрывае тыдзень урачыстая лінейка. Штодня пад кантролем выхавальнікаў ладзяцца “Дэфекталагічныя пяціхвілінкі”, заданні якіх накіраваны на развіццё пазнавальнай і маўленчай актыўнасці. Навучэнцы з вялікім азартам выконваюць заданні ў канвертах, прапанаваныя настаўнікам-дэфектолагам.

У рамках тыдня дэфекталогіі навучэнцамі разам з настаўнікам-дэфектолагам зроблена насценгазета “Дэфекталагічны калейдаскоп” з заданнямі займальнага і развіццёвага характару, праведзены конкурсы “Усіх скорагаворак не перагаворыш, не перавыгаварыш”, “Займальная граматыка”, “Найлепшы апавядальнік”, выстаўка малюнкаў “Скорагаворкі ў малюнках”. Завяршыла тыдзень дэфекталогіі віктарына “У свеце слоў”, падчас якой дзеці прадэманстравалі ўменні аперыраваць разнастайнымі лексічнымі сродкамі.

На заключнай лінейцы падведзены вынікі конкурсных мерапрыемстваў і ўзнагароджаны пераможцы. Карыснымі для бацькоў былі заняткі з элементамі трэнінгу “Матывацыя навучэнцаў да замацавання ведаў і ўменняў, атрыманых на карэкцыйных занятках”, дыялог “Пытанне — адказ”, кансультатыўныя заняткі “Замацаванне правільнага гукавымаўлення” з дэманстрацыяй прыёмаў работы ў дамашніх умовах.

Такія формы работы выклікаюць цікавасць і масу станоўчых эмоцый; спрыяюць развіццю пазнавальнай, маўленчай актыўнасці і творчага патэнцыялу; развіццю камунікатыўных навыкаў паміж навучэнцамі розных узростаў; выхаванню актыўнай жыццёвай пазіцыі. Наладжваецца кантакт настаўніка-дэфектолага з бацькамі, з’яўляецца зацікаўленасць бацькоў у выніках сумеснай работы па ліквідацыі адставання дзяцей, як у маўленчым, так і ў агульным развіцці. Бацькі набываюць вопыт па замацаванні атрыманых на карэкцыйных занятках маўленчых уменняў і навыкаў у свабодных маўленчых зносінах.

Толькі цесны кантакт у рабоце настаўніка-дэфектолага і бацькоў можа паспрыяць ліквідацыі маўленчых парушэнняў у вучняў, а значыць, і далейшаму паўнавартаснаму навучанню ў школе.

Вольга ФРАЛОВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 5 Смаргоні Гродзенскай вобласці.