×

Па дарозе да новых адкрыццяў

10.06.2019 11:20,

У пачатку летніх канікулаў для юных даследчыкаў і падарожнікаў сярэдняй школы № 5 Навагрудка гасцінна расчыніў свае дзверы аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “Гарачыя сэрцы”. У першы дзень хлопчыкаў і дзяўчынак ветліва сустрэлі Матухна Беларусь, яе малодшая сястра Малая радзіма і дзед Талаш. Яны пазнаёмілі выхаванцаў з атрыбутыкай лагера (спецыяльна да гэтага дня былі распрацаваны сцяг, герб і атрадныя адметныя знакі). Выхаванцаў урачыста пасвяцілі ў вандроўнікі і павязалі ўсім гальштукі.

Падчас адпачынку ў лагеры першаадкрывальнікаў чакаюць шматлікія сцяжынкі малой радзімы. Па дарозе да новых адкрыццяў выхаванцы лагера збяруць аскепкі разбітага, астылага і абыякавага сэрца. Гарачыя сэрцы малодшых школьнікаў дапамогуць яму зноў разгарэцца і напоўніцца дабрынёю, святлом, цеплынёй і шчасцем. Канчатковым вынікам кожнага дня знаходжання ў лагеры будзе запаўненне атрадамі своеасаблівых “Нататак вандроўнікаў”.

Выхаванцаў лагера “Гарачыя сэрцы” на працягу ўсёй аздараўленчай змены чакаюць цікавыя адкрыцці, станоўчыя эмоцыі і добры настрой.

Ірына СЯНЬКЕВІЧ,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 5 Навагрудка.